Краязнаўца і прадпрымальнік Міхась Паўлаў вырашыў ахвяраваць на рэстаўрацыю будынка былога кляштара базыльянаў у Оршы. Спадар Паўлаў займаецца выпускам сувэнірнай прадукцыі, і адмыслова замовіў выраб керамічных сувэніраў з выявай гэтага помніка архітэктуры 18 стагодзьдзя. Кляштарны комплекс напалову зруйнаваны: за савецкім часам была ўзарваная царква Апекі Маці Божай. А цяпер разбураецца і былы кляштарны корпус. Ужо зь дзесятак гадоў стаіць без даху пры поўнай абыякавасьці да гэтай праблемы як гарадзкіх уладаў, так і ўласьніка — Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы.
«Я ведаю пра гэтую праблему ў Воршы. Калісьці я працаваў у гэтым горадзе, і памятаю будынак кляштара яшчэ ў адносна неблягім стане — на той час там быў падменны жыльлёвы фонд, там жылі людзі. Як краязнаўца і як грамадзянін я лічу, што помнік ня мусіць загінуць. Таму гатовы ахвяраваць на рэстаўрыцыю па тысячы з кожнага асобніка прададзенай сувэнірнай прадукцыі, вырабам і продажам якой я займаюся,» — апавёў Міхась Паўлаў "Радыё Свабода".
Прадпрымальнік зьбіраецца рэалізоўваць сувэніры, адмыслова вырабленыя для ўдзелу ў дабрачыннай акцыі. Гэта так званыя керамічныя «плякеткі» з выявамі зруйнаванай царквы і былога кляштарнага будынку, які яшчэ можна захаваць. Прадаваць іх спадар Паўлаў мяркуе найперш у Воршы, спадзеючыся на падтрымку і разуменьне тамтэйшых жыхароў. Міхась Паўлаў кажа, што ідэя дапамагчы ў гэтай справе зьявілася ў яго па прыкладзе мастака Міколы Купавы. Гэты знакаміты беларускі мастак, ураджэнец Оршы, абвясьціў, што ахвяруе частку грошай ад продажу сваіх твораў, аб’яднаных у віртуальную выставу «Сьвятло Бацькаўшчыны». І ўжо пералічыў на адмысловы банкаўскі рахунак некалькі мільёнаў рублёў.