"Сіня-белыя" 14-га траўня адправяцца на выправу ў пасёлак Кастрычніцкі, у якім адбудзецца матч 5-га туру чэмпіянату Беларусі ў 1-й лізе.
На штучным траўніку ФАК "Кастрычніцкі" аршанцы раней ужо выступалі. Некалькі гадоў таму "Смалявічы-СТІ" яшчэ называліся "Вігвамам", у тым матчы аршанцы саступалі 0:2, аднак перамаглі 4:2.
Летась каманды таксама разам гулялі ў 1-й лізе. Абедзве сустрэчы скончыліся мірам. У Оршы клубы разышліся з лікам 1:1, у гасцях была нічыя 3:3, прычым аршанцы па ходу паядынку саступалі 0:3. Забаўна, што лік у тым матчы адкрыў нападнік Аляксей Хадневіч, які цяпер абараняе колеры ўжо не "Смалявічаў", а "Оршы".
У першых чатырох турах новага чэмпіянату "Смалявічы", якія сёлета сталі даччыным клубам барысаўскага БАТЭ, двойчы перамаглі і двойчы прайгралі. Аршанцы ж пакуль паразаў у сваім пасіве не маюць.
Гульню "Смалявічы-СТІ" - "Орша" абслужыць брыгада арбітраў у складзе: Міхаіл Лаўскі (Гомель), Вадзім Ракса, Юрый Сіткевіч (абодва - Гародня). Інспектар матчу Аляксандр Філатаў з Магілёва. Пачатак матчу а 14:00 на стадыёне ФАК "Кастрычніцкі" 14-га траўня.