Абласное свята работнікаў сельскай гаспадаркі ў гэтым годзе пройдзе ў Сянно. Традыцыйна да Дажынак горад які іх прымае абнаўляецца, рамантуецца, будуе новыя аб'екты. У інтэрв'ю газеце "Віцебскія весці" старшыня Сененскага райвыканкама Васіль Чарэднік распавёў пра тое што плануецца зрабіць у горадзе да гэтага свята. Агулам у горадзе абновяцца і з'явяцца 180 аб'ектаў. Вуліца Савецкая стане часткова пешаходнай, адкрыецца новы ЗАГС і фантан перад ім. Для турыстаў з'явіцца скульптура Вадзяніка і помнік прыдуманаму персанажу Сені Сененскаму.
А найбольшыя змены адбудуцца ў парку Трох Герояў (у гонар загінуўшага экіпажа Кацюшы). Тут рэкантруююць курган памяці, з'явіцца памятны знак войнам-інтэрнацыяналістам з альтанкай і часоўняй, а таксама будзе ўсталявана 10-12 адзінак вайсковай тэхнікі. Міністэрства абароны ўжо паабяццала 2-3 самалёты, а сам выканкам шукае для ўстаноўкі "Кацюшу".