Скандал у беларускім футбольным "каралеўстве". У аўторак, 7 чэрвеня прама ў сваім кабінеце быў затрыманы глава дэпартамента судзейства і інспектавання Беларускай федэрацыі футбола Андрэй Жукаў. 9 чэрвеня Жукаў мусіў быць інспектарам на матчы Вышэйшай лігі чэмпіянату краіны паміж "Слуцкам" і берасцейскім "Дынама", а 4 чэрвеня ён быў інспектарам сустрэчы "Орша" - ГЧТ (1:1). Таксама праваахоўнымі органамі былі затрыманыя галоўны трэнер "Смаргоні" Мікалай Рындзюк і арбітр матчу "Смаргонь" - "Орша" (3:0) Андрэй Сарока.
У футбольных колах краіны ходзяць чуткі, што тры затрыманыя асобы мелі дачыненне да дагаварных матчаў. Паводле інфармацыі, якую атрымаў з ананімных крыніц наш сайт, міліцыя падазрае "нячысты" характар і ў матчы "Смаргонь" - "Орша". Ніякіх звестак пра датычнасць аршанскага клуба да нейкіх махінацый няма.