Мы атрымалі ліст аднаго з чытачоў наступнага зместу:
Добры дзень! Прашу зрабіць мне адну ласку. Ёсць яр ў раёне Усходняй, які злучае Пагранічную і вуліцу Энгельса. Справа ў тым, што на месцы гэтага рова, забудаванага зараз гаражамі, раней цёк ручай. Пачынаўся гэты ручай дзесьці ў раёне Чаромушак, мяркуючы па ўсім недалёка ад чыгуначнага маста. Гэты ручай і цяпер цячэ пад зямлёй у калектары. Я хацеў бы высветліць яго назву. Вывучэнне даваенных карт Оршы нічога не дало, ён на іх паказаны, але не падпісаны. Не маглі б вы размясціць гэты зварот на вашым сайце. Можа быць на яго адгукнуцца краязнаўцы або старажылы. Усё ж такі трэба беражліва ставіцца да гарадскіх тапонімаў.
Паведамляем, што гэты ручай, які падзяляў цяперашнія вуліцы Савецкая і праспект Тэкстыльшчыкаў ў гістарычных дакументах 18-19 стагоддзяў згадваецца як Чартарыйскі ручай, а ў пачатку 20-га стагоддзя ў газетах "Аршанскі весьнік" і "Камуністычны шлях" называецца Чартолінскім ручаём і Чартолінскім ярам . Слова "Чертолинский" - гэта відавочна трансфармаваны варыянт ад Чартарыйскі. Чартарыйскія - вядомае шляхецкае прозвішча ў Вялікім княстве Літоўскім, аднак якім чынам яно звязана з назвай ручая - пакуль не ўстаноўлена.
Дарэчы, ручай гэты ў былыя часы дастаўляў аршанцам шмат праблем. Маюцца пісьмовыя крыніцы аб неаднаразовым выдзяленні сродкаў з гарадской казны на рамонт моста праз гэты яр.
Ад рова, дзе працякаў Чартарыйскі ручай, паходзіць назва адной з вуліц Оршы. Роў па беларуску называецца "перакоп". Адсюль бярэ пачатак вуліца Перакопская.
P.S. Ка высветлілася, мы апісалі не той ручай, пра які пытаўся аўтар. Той, які мы апісалі, таксама бярэ пачатак з балота на месцы Чаромушак і яго тэрыторыя таксама забудавана гаражамі па вул. Савецкай. Аўтар жа хацеў пра назву ручая, які цёк ад Чаромушак у іншы бок - да Аршыцы. Калі хто ведае пра яго назву - просім пісаць у каментарах.