Фотапраект сайту orsha.eu распавядае пра раёны Оршы. Цяпер надышла чарга да раёну Замосце. Гэта тая частка горада, побач з якой быў кожны аршанец, але большасць ніколі не заходзіла ўнутр. А дарэмна – раён гэты мае шмат цікавостак. Размаляваныя брамкі, прыгожа аформленыя дамкі, трэці і самы малавядомы ў Оршы помнік правадыру сусветнага пралетарыяту Леніну, флюгеры і нават свая міні-ратуша.
Пра існаванне ў Оршы трэцяга помніка Леніну не ведалі нават блогеры, якія збіраюць інфармацыю пра ўсе падобныя манументы на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. Помнік, дакладней бюст, знаходзіцца каля ўправы лакаматыўнага дэпо. Там жа знаходзіцца бюст Канстанціну Заслонаву. За рэйкамі, у вакзальным раёне стаіць помнік славутаму партызану. Управа знаходзіцца на вуліцы Карначонка. У сотні метраў адсюль, па гэтай жа самай вуліцы, у нашым горадзе адбыўся першы фестываль “Эндарфін”.
Замосце – раён, у якім з калонак з вадой не знятыя ручкі, і калі падарожніка адольвае смага, ён можа спатоліць яе. У іншых раёнах Оршы калонкі пераважна стаяць без ручак – такая была дырэктыва камунальшчыкаў горада, якая эканоміць мізэр грошай, затое прыносіць багата нязручнасцяў яго жыхарам.
Раён непарыўна звязаны з чыгункай, многія мясцовыя жыхары працуюць на ёй. Таксама на Замосці ёсць некалькі мясцовых легендаў. Людзі-першакрыніцы пераважна ўжо на іншым свеце, таму спраўдзіць гэта наўрад магчыма. Але гісторыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Жыхары распавядаюць, як у 60-я гады ў мясцовую краму прыйшоў чалавек у медалях і ордэнах і яму сталі адпускаць тавар без чаргі. Ён жыў на цяперашняй вуліцы Юбілейная, на якой знаходзіцца школа № 10. Усё б нічога, калі б у чарзе не знайшлася жанчына, якая ў час вайны сутыкалася з дадзеным грамадзянінам. Тады яна была дзяўчынкай, а дадзены “ветэран” служыў немцам і аднойчы пагражаў яе забіць. Крыкнуць пра паліцэйскае мінулае мужчыны жанчына не рашылася, а калі той купіў тавар, то павярнуўся і пазнаў яе. Зразумеўшы, што яго фальшывае “ветэранства” выкрыта і неўзабаве па яго могуць прыйсці, колішні паліцай сабраў рэчы і збег у невядомым кірунку.
Таксама мясцовыя жыхары кажуць пра свой раён: з Замосця можна дайсці да вуліцы Молакава за 5 хвілін і даехаць за 10. І гэта не жарт, а абсалютная праўда! Справа ў тым, што Замосце – раён адасоблены. Адразу за ім пачынаюцца вёскі Еліна, Новае Хорабрава, іншыя. А ад іншых раёнаў Оршы Замосце адасоблена “натуральнай мяжой” у выглядзе чыгуначных рэек. Таму пешшу перайсці чыгунку не праблема, а вось чыгуначны пераезд для аўтамабіляў знаходзіцца ўбаку, таму трэба ехаць у аб’езд. Адсюль і дзясятак хвілін, таму ідучы пешшу чалавек эканоміць час, каб дабрацца да Прывакзальнай плошчы.
Глядзець фотагалерэю "Замосце".Раней у фотапраекце “Раёны Оршы” выйшла: