У Оршы царквой збіраюцца грошы на новую званніцу на месцы добра вядомага месцічам драўлянага храма Архангела Міхаіла. Як царкоўны комплекс мусіць выглядаць у выніку – можна судзіць па карцінцы на скрыні па збору ахвяраванняў – два белых каменных будынка з блакітнымі купаламі і залачонымі “цыбулінамі”. Калі караценька – царкоўны стандарт раённага маштабу.
Але, ці патрэбны Оршы такі “стандарт”?
Храм Архангела Міхаіла быў збудаваны нашымі тутэйшымі майстрамі ў паморскім стылі напачатку незалежнай Беларусі. Нягледзячы на тое, што дрэва пацямнела ад прыродным фактараў, ён выглядае адметна і надае аршанскаму цэнтру непаўторны шарм.
Ініцыятыва царкоўнікаў па замене нашай адметнасці бязлікім гламурам зразумелая – хочацца не вылучацца з агульнага шэрагу і выглядаць “як усе”.
Ці хочацца аршанцам таго ж і ці ахвяруюць яны на тую бязлікасць дастаткова грошай – пакажа час.
А пакуль, можа апошнія месяцы, мы шчэ можам радавацца кантраснаму спалучэнню каменнага і драўлянага, тыповага і нетыповага, фарбаванага і натуральнага ў адзіным царкоўным комплексе па суседству з Аршанскімі гарадзішчам, Аршыцай, касцёлам, судом і пракуратурай. І шчэ можам зафіксаваць гэтую непаўторнасць на фотках.