Цікавыя правілы, хітры падлік балаў уносяць неверагодную інтрыгу ў гульню “Бітва розумаў”. Дзякуючы апошняму туру – бліцу – каманда можа як падняцца ледзь не з падвала табліцы ўгару, так і наадварот, упасці з вышыні. Неверагодна інтрыгоўнай была гульня № 2 новага праекту. У спартовым бары “Ліга” зноў кіпела барацьба інтэлектуалаў. Каманда “ВОРМС” доўга была на 2-й пазіцыі, аднак урэшце выпала за тройку лепшых. Пры гэтым адразу тры каманды, з 2 па 4 месцы набралі аднолькавую колькасць балаў – па 73. А перамогу святкаваў “Звяз”, які ўсю гульню трымаўся ў пуле лідэраў. Бліц каманда правяла на высокім узроўні, набраўшы 21 бал, столькі не аказалася ні ў каго з супернікаў!
У выніку “Звяз” з 83 баламі заваяваў найвялікшую бутэльку шампанскага, “Форум” з Магілёва стаў другім, а замкнуў тройку “BY Лён”.