Раён Сельгастэхнікі знаходзіцца на захадзе горада і абавязаны сваім узнікненнем прадпрыемству “Сельгастэхніка”. Гэта прадпрыемства, у адрозненне ад чыгункі, якая пабудавала Заходнюю, не мела вялікіх сродкаў. Таму Сельгастэхніка больш сціплы раён, які пераважна складаецца з прыватнага сектару. Адзін з нешматлікіх шматпавярховых дамоў па вуліцы Паркавай, 1А закінуты і нагадвае які-небудзь Сараева пасля бамбёжак. Дарэчы, пра вуліцу Паркавую. Вуліца з такой жа назвай знаходзіцца ў Чаромушках. Адпаведна, у Оршы дзве вуліцы Паркавых, і на якую менавіта прыходзіць чалавеку, які ўпершыню ў горадзе?
На тэрыторыі Сельгастэхнікі знаходзіцца адна з апошніх у Оршы водапомпаў – большасць астатніх вышак былі ўзарваныя, як, напрыклад, на Замосці некалькі год таму. Дзве закінутыя крамы пакуль так і не знайшлі новых гаспадароў – будынкі працягваюць прастойваць. Крама ж на прыпынку аўтобуса № 5, які звязвае Сельгастэхніку з астатнім горадам, мае цікавую назву ўладальніка. Для суседняй Польшчы гэта не было б дзівам, а ўспрымалася б як звычайная справа. Аднак у нас у Беларусі падобныя назвы сустракаюцца рэдка – “Ян Павел”. Верагодна, гаспадар прадпрыемства, якому належыць крама, аддаў тым самым належнае знакамітаму Папу Рымскаму.
Каля аднаго з будынкаў Сельгастэхнікі доўга знаходзіўся самалёт Джахара Дудаева. Калі генерал-маёр авіяцыі, адзіны генерал-чачэнец у савецкай арміі Джахар Дудаеў камандаваў авіяцыяй, у яго абавязкі ўваходзіў і кантроль за Балбасаўскім аэрадромам. Дудаеў прыляцеў у Балбасава для інспекцыі войска, а пакінуў Аршаншчыну на іншым самалёце. Яго ж папярэдні самалёт потым патрапіў у Барань, дзе ў ім зрабілі цір. Потым ён быў перавезены на Сельгастэхніку. Вось так раён звязаны з асобай Джахара Дудаева, які неўзабаве пасля развалу СССР стаў прэзідэнтам чачэнскай рэспублікі Ічкерыя, якой не далі стаць незалежнай. Самалёт жа той пэўны час прастаяў на Сельгастэхніцы, а потым быў распілаваны.
Раён раней быў даволі дэпрэсіўным і падавалася, што нічога ў ім няма чаго рабіць. Аднак некалькі дамоў, адмыслова сфатаграфаваных нашым сайтам, маюць прыгожую афарбоўку, гаспадары падышлі з творчасцю да справы. Ёсць і таблічка, якую бачыць раней не даводзілася: сабака на ёй не толькі апісваецца як злы, але з ягоных зубоў …сцякае кроў. Няўжо настолькі злы?!
Ну а прыехаць на Сельгастэхніку можна хаця б дзеля развалінаў клуба. Стары мясцовы клуб, пабудаваны ў 1961 годзе, у якім часта круцілі кіно. Там ладзіліся іншыя забавы для людзей, знаходзіцца на самым ускрайку геаграфічнай Оршы. Архітэктура клуба дастаткова незвычайная, гэта варта бачыць не толькі на фотаздымках. Паступова будынак руйнуецца ад прыродных з’яў, ад часу. Фактычна праз некалькі метраў ад клуба – канец Оршы і пачатак вёскі Дачная.
Глядзець фотагалерэю “Раёны Оршы. Сельгастэхніка”.
Раней у фотапраекце orsha.eu “Раёны Оршы” выйшлі: