Аляксандр Вітко нарадзіўся ў 1961 годзе ў Віцебску, але дзяцінства і юнацтва будучага расейскага адмірала прайшлі ў Оршы. Пасля вучобы ён служыў на Ціхаакіянскім флоце, а затым на Паўночным. У 2013 стаў галоўнакамандуючым Чарнаморскага флота. І праз год пачалася акупацыя Крыма, якую Расея называе "вяртаннем спрадвечных земляў", але Крым прызналі расейскім толькі некалькі шэсць краін ва ўсім свеце: Афганістан, Венесуэла, Куба, Нікарагуа, Паўночная Карэя і Сірыя. Звыш за 200 іншых краін прызнаюць Крым выключна часткай Украіны, у тым ліку і Беларусь з Казахстанам, якія лічацца найбліжэйшымі эканамічнымі партнёрамі Расеі.
Дняпроўскі суд Кіева прызначыў разгляд справы Аляксандра Вітко на 6 кастрычніка. Суд, натуральна, будзе завочным, бо Вітко знаходзіцца ў Севастопалі, які на дадзены момант падкантрольны Маскве. Ураджэнец Беларусі прымаў актыўны асабісты ўдзел у акупацыі Крыму ўвесну 2014 года. Чарнаморскі флот пад камандаваннем Аляксандра Вітко забяспечыў ў лютым 2014 года скрытную дастаўку на Крымскі паўвостраў расейскага спецназа, так званых "зялёных чалавечкаў", якія затым блакавалі ўкраінскія войскі.
19 сакавіка Вітко асцерагаў ВМС Украіны ад прымянення сілы: "Хачу папярэдзіць тых і, перш за ўсё, асабісты склад ВМС Украіны - не дай Бог хоць хто-небудзь нават з рагаткі стрэльне. Запалкі - гэта не цацкі. Прашу даслоўна гэта зразумець". Днём пазней ён асабіста з'явіўся на карабель кіравання ВМС Украіны "Славуціч" для правядзення перамоваў з заблакаваным на ім асабістым складам. Украінскім маракам ён паставіў ультыматум: пакінуць карабель і з'ехаць на Украіну альбо перайсці ў склад ЧФ РФ. Пасля крымскіх падзей Аляксандру Вітко было прысвоена званне адмірала, уручаны ордэн "За заслугі перад Айчынай" III ступені з мячамі і медаль "За вяртанне Крыма".
Украіна прадаставіць Вітко бясплатнага адваката, які будзе прысутнічаць у залі суда. На пасяджэнне Вітко, вядома, прыехаць у Кіеў адмовіўся. За акупацыю Крыма яму пагражае пажыццёвае зняволенне.