Работы на старой пажарнай часці з’явіліся раптоўна і пайшлі без узгаднення з грамадскасцю Оршы і без плана з архітэктарамі. Пасля розгаласу дамова з Інстытутам архітэктуры Акадэміі навук была падпісаная і для кантролю за ходам работ у горад прыехала спецыяліст з Менска. Былі пытанні і адносна адсутнасці пашпарта аб’екта на плоце. Цяпер ён, нарэшце, з’явіўся.
Пажарную часць рэканструююць, але гэта будзе немалы перыяд часу. Скончыць рэканструкцыю плануецца да 31 кастрычніка 2017 года. Замовіла работы Віцебскае абласное Ўпраўленне МНС, а выконвае замову кампанія “КомГрупВлад” паводле праекту ТАА “Логоспроект”.