Тэрміналы экспрэс-аплаты ў свой час былі прыдуманыя дзеля таго, каб "разгрузіць" чэргі ў вакенцы касаў на пошце. Праз іх можна аплаціць камунальныя паслугі, мабільную сувязь, інтэрнэт. Аднак з нядаўняе пары на Аршанскім раённым вузле паштовай сувязі (РВПС), у аддзяленні № 11 на вуліцы Леніна, 46 з'явіліся праблемы з тэрміналамі. Асабліва яны праявіліся пасля таго, як іх перафарматавалі на працу з купюрамі пасля дэнамінацыі. Вельмі часта аплаціць паслугі немагчыма ані карткай, ані гатоўкай. Сістэма ў лепшым выпадку доўга загружаецца, а ў горшым выдае памылку. На ўсе прэтэнзіі работнікі пошты адказваюць, што ў іх няма чатырох рук, якія б паспявалі спраўляцца з усімі пытаннямі.
Вялікія праблемы ўзніклі на цэнтральнай пошце за некалькі дзён да 25-га кастрычніка — дня, да якога грамадзяне мусяць аплочваць камунальныя паслугі. Тыя аршанцы, якім трэба было папросту аплаціць мабільны тэлефон альбо пакласці грошы на інтэрнэт-злучэнне, па звычцы звярнуліся да апаратаў экспрэс-аплаты, не стаяць у доўгіх чэргах, але ўбачылі запаволеную працу тэрміналаў, якія адмаўляліся прымаць грошы і рабіць аперацыі.
Хто меў у распараджэнні пэўны час — станавіўся ў чаргу, хто не меў — змушаны быў сыходзіць ні з чым. Часцей за ўсё праблемы ў працы тэрміналаў экспрэс-аплаты паўстаюць менавіта ў цэнтры горада, на бадай самым папулярным паштовым вузле. Зразумела, што там сотні кліентаў штодня. Але ж і ўвага да тэрміналаў там мае быць большай. Падобная праца тэрміналаў часам выклікае залішні шум і скандалы на пошце.