Асфальтны завод быў у Дуброўне раней, аднак у 2009 годзе яго закансервавалі. Дубровенскае ДРБУ № 108 збіраецца аднавіць працу завода ўжо ў 2017 годзе. На дадзены момант ідзе працэс вывучэння неабходнай дакументацыі і наладжванне абсталявання. Начальнік філіі Дубровенскага ДРБУ Уладзімір Чантарыцкі паведаміў, што нягледзячы на старую змешвальную ўстаноўку, завод у Дуброўне здольны выпускаць 250-300 тонаў асфальту за змену. Таксама на заводзе запусцяць устаноўку для мыйкі друзу, пішуць "Витебские вести".
У наступным годзе дубровенскія дарожнікі плануюць капітальна адрамантаваць ўчастак у 3 км дарогі Дуброўна - Сава, мост да вёскі Цілевічы. Выраўняльны пласт з павярхоўнай апрацоўкай працягласцю 5 км з'явіцца на ўчастку Дуброўна - Люткаўшчына да Пірагоў, 2 км - Дуброўна - Баева. Чакаецца, што адрамантуюць і аб'язную дарогу на Оршу. Тут абсталююць ляжачых паліцыянтаў.