12:00

+9

3 м/с

984 гПа

15:00

+9

3 м/с

984 гПа

18:00

+8

3 м/с

985 гПа

21:00

+7

2 м/с

985 гПа

00:00

+6

3 м/с

986 гПа

Орша, Грамадства

З жыцця Алеся Шутава

13.11.2016 07:55

3575 праглядаў, 4 каментара

Сёння спаўняецца 40 дзён са дня смерці грамадскага дзеяча Алеся Шутава

Мы ўзгадалі некалькі гісторый з жыцця Алеся Шутава.

Хімія.

Алесь быў "закаханы" ў хімію. Пры чым, гэта была любоў з першага дня ў школе. 1 верасня (у гэты дзень Алесь яшчэ і святкаваў дзень народзінаў) яго прывялі ў 1-ы клас 8-ай школы, дзе пасля святочнай лінейкі настаўнік хіміі Уладзімір Печанькоў (у будучым дэпутат парламента) паказваў першакласнікам "фокусу". З аднаго слоіка ў іншы настаўнік пераліваў розныя вадкасці, і яны мянялі колеры, шыпелі, знікалі ды інш. Першакласнік Саша Шутаў быў у захапленні, ён тады яшчэ не разумеў, чаму яно ўсё так адбываецца, але вырашыў абавязкова разабрацца і самому навучыцца рабіць "фокусы". У старэйшых класах Алесь лёгка засвойваў хімічныя формулы, лічыўся лепшым вучнем па хіміі ў горадзе, і стаў пераможцам абласной алімпіяды па прадмеце. З такімі поспехамі ў школе, ён без праблемаў паступіў на хімічны факультэт БДУ, які таксама паспяхова скончыў. Скончыў універсітэт ён у часы, калі Беларусь вярнула спрадвечныя дзяржаўныя сімвалы - і на вокладцы дыплома залатым блішчэла "Пагоня". Пляменніца Алеся ў дзяцінстве любіла маляваць і, як любое дзіцё, не надта выбірала, што для яе будзе мальбертам. Пацярпеў ад малюнкаў і дыплом хімфака БДУ - унутраныя старонкі дзяўчынкай былі размаляваныя. Здавалася б, варта было памяняць - узяць копію дыплома з універсітэта. Алесь не стаў гэтага рабіць, бо, як высветлілася, копію яму маглі б даць ужо з паслярэферэндумным паўсавецкім гербам.

Прагноз надвор'я

У час вубочы ў БДУ Алесю давялося некалькі разоў праходзіць практыкі. У адзін год ён быў адпраўлены на практыку ў гідраметэацэнтар. Алесь любіў новыя веды і хапаў іх па-поўнай. Прадказанне надвор'е захапіла яго не меньш за хімію. Разабраўшыся з асноўнымі метадамі падчас праходжання практыкі, ён купіў некаторыя прылады і пачаў у хатніх умовах рабіць прагнозы надвор'я. Са з'яўленнем інтэрнэту і адкрытых метэакартаў патрэба ў прыладах знікла, і Алесь прадказваў надвор'е па адкрытых картах, параўноўваючы дадзеныя метэацэнтраў розных краінаў з фотаздымкамі спадарожнікаў. Прагнозы атрымліваліся больш якасныя, чым у аплочваемых метэаролагаў. Менавіта Алесь публікаваў на нашым сайце артыкулы пра надвор'е, папярэджанні пра непагадзь і ніколі не памыляўся. Адзін раз Алесь апублікаваў на сайце артыкул, што надвор'е над Оршай будзе вельмі кепскім - дажджы, вецер, практычна шторм. Але з раніцы неба над горадам стаяла яснае, свяціла летняе сонца: няўжо ўпершыню памыліўся? - здзіўляліся сябры. Памыліўся, але толькі на некалькі гадзін. Бліжэй да абеду Оршу "накрыла".

Камсамольскі важак

Сёння гэта можа падацца жартам, але Алесь парйшоў увесь шлях камуністычнай ініцыяцыі, які праходзіў кожны маладзён Савецкага Саюза: пабываў акцябронкам, піянерам і паспеў стаць камсамольцам. Актыўнага выдатніка заўважыла камсамольскае кіраўніцтва ўніверсітэта, і Алесь быў падтрыманы на пасадзе камсамольскага кіраўніка на факультэце. У краіне напоўніцу ішла перабудова, альтэрнатыўныя ідэі, нарэшце, з'явіліся на вуліцах горада. На летніх вакацыях, калі Алесь быў у Оршы, ён пабачыў адзіночны пікет Андрэя Мельнікава. Андрэй стаяў каля былой аўтастанцыі ў цэнтры (пазней яе ў народзе называлі "Галубятня" і знеслі пры падрыхтоўцы да "Дажынак") са стэндам. На стэндзе былі выразкі з гумарыстычнага часопіса "Вожык" - артыкулы, карыкатуры - якія высмейвалі камуністаў. Алесь падыйшоў, завязалася доўгая размова. Па сканчэнні вакацыяў, Алесь вярнуўся на вучобу дзе правёў апошні сход сваёй камсамольскай арганізацыі - на паседжанні абмяркоўвалася толькі адно пытанне - самароспуск структуры.

Фронтавец

Тая сустрэча з Андрэем Мельнікавым, хаця і была вырашальнай для палітычных поглядаў і грамадскай актыўнасці Алеся, але была не першым знаймствам з Беларускім народным Фронтам. Першае скончылася непаразуменнем. Не сакрэт, што БНФ заўсёды смела праводзіў філалагічныя экспераменты - гэта тычыцца і колькасці моваў на якіх фронтаўцы выраблялі ўлёткі (БНФ адзіная палітычная арганізацыя краіны, якая выкарыстоўвала ў сваіх матэр'ялах абедзве дзяржаўныя мовы, мовы суседніх краінаў для рэгіёнаў з вялікай доляй нацыянальных меньшасцяў і, нават, цыганскую мову) і частае выкарыстанне старога беларускага правапісу - тарашкевіцы. Першая ўлётка Фронта, якая патрапіла ў рукі Алесю Шутаву была якраз напісана на тарашкевіцы, і Алесь гэтага правапісу не зразумеў, палічыўшы яго за шматлікія памылкі. Ён дастаў асадку, ад рукі выправіў "памылкі" і вярнуў улётку назад. У 1999 годзе БНФ напаткаў раскол - разышліся кансерватыўныя прыхільнікі Зянона Пазьняка і больш ліберальныя выхадцы з моладзевых арганізацый. Аршанская структура Фронта засталася з Пазьняком (КХП-БНФ), асобныя прыхільнікі "мадэрновай часткі" засталіся неарганізаванымі. Менавіта Алесь Шутаў праз некаторы час стварыў у Оршы структуру Партыі, якая, праўда, так і не была зарэгістравана, але паўнавартасна дзейнічала і, нават, мела свайго мясцовага дэпутата, што для таго часу рэдкае выключэнне.

Тапаніміка

Назвы вуліцаў і населеных пунктаў - гэта яшчэ адно хоббі Алеся Шутава, і, як і іншымі хобі, ён займаўся ім самааддана. Акрамя вывучэння назваў і гісторыяў гарадскіх вуліцаў, Алесь спрыяў таму, каб выправіць камуністычныя перайменаванні - вярнуць спрадвечныя тапанімічныя адзінкі. Алесь непасрэдна спрычыніўся, прынамсі, да вяртання двух назваў вуліцаў у горадзе - вуліцы Замкавая і вуліца Васкрасенская. Прычым, вярнуць назву Васкрасенская атрымалася толькі з другога разу. Як і зараз, на перайменаванне патрэбна згода жыхароў вуліцы. А беларусы заўсёды неахвотна ідуць на перамены. Калі на будучую Васкрасенскую прыйшлі супрацоўнікі выканкама, якія і самі былі не матываваныя да перайменавання, яны не сабралі патрэбнай колькасці подпісаў, ды і выклікалі даволі негатыўную рэакцыю жыхароў. І хаця ісці ўгаворваць людзей другі раз было амаль бессэнсоўна, Алесь выправіўся сам пагаварыць з жыхарамі гэтай вуліцы, і змог іх угаварыць.

Алесь любіў распавядаць пра тапаніміку рэгіёна, распавядаў гэта цікава з гумарам. Аказваецца, тапаніміка можа выклікаць усмешку. Так, Алесь любіў паўтараць гісторыю калі ў 20-30 гады камуністы прынялі рашэнне перайменаваць некалькі вёсак Аршаншчыны, але, чамусці, рашэнне гэтае так і засталося на паперы. Так, вёску Вусы бальшавікі планавалі перайменаваць у Будзёнава (у Будзёнага, сапраўды, былі шыкоўныя вусы), а вёска Аглобля павінна была стаць вёскай Розы Люксембург (некаторую адпаведнасць вобразам Алесь заўважаў і тут). За некалькі месяцаў да смерці на круглым стале прысвечаным тапаніміцы, які арганізаваў Алесь, ён раскрытыкаваў праведзенае "упарадкаванне" назваў вуліцаў Оршы, выявіўшы ва "ўпарадкаванні" цэлы шэраг памылак. На кольным стале і з'явілася ідэя, каб пазбегнуць у будучым памылак, стварыць тапанімічную камісію на грамадскіх пачатках пры "Таварыстве беларускай мовы". Устаноўчы сход тапанімічнай камісіі прайшоў праз некалькі дзён пасля смерці Алеся - ён зусім крыху не паспеў дажыць да пераўтварэння сваёй чарговай ідэі ў жыццё. Алесю часта гаварылі, што яму варта свае тапанімічныя веды апісаць у паўнавартаснай кнізе і ён ужо быў гатовы пачаць публікаваць такую кнігу часткамі на нашым сайце, але і гэта не паспеў. Сёння сябры АМГА "Звяз" разам з родзічамі Шутава разбіраюць архіў Алеся і знайшлі вялікую колькасць запісаў па пытаннях тапанімікі горада і раёна, гэтыя веды ўдалося захаваць.

Краязнаўца

Хаця і хімік па адукацыі, Алесь захапляўся гісторыяй увогуле і гісторыяй Аршаншчыны ў прыватнасці. У свой час у шэрагу краязнаўцаў з'явілася ідэя напісаць падручнік па Оршазнаўстве (Мой родны край - Аршаншчына) і заадно ўвесці такую дысцыпліну ў школах як факультатыў. Ідэя ўсім падабалася, але як зрабіць, дзе ўзяць сродкі - гэтыя пытанні вырашыць было складана. І за справу ўзяўся Алесь. Ён не пісаў артыкулаў для кнігі (хаця ведаў для гэтага ў яго хапала), ён не рэдагаваў чужых тэкстаў, ён займаўся тэхнічнай часткай працы, таму ягонага імя і няма ў спісах аўтараў - асобна ад іншых яму ў кнізе прысвечаны надпіс пра тое, што ён быў тэхнічным кіраўніком праекту. Так было часта - Алесь не імкнуўся ставіць сябе на першыя ролі, не імкнуўся да славы, але спакойна і якасна рабіў тэхнічныя справы - ствараў надзейны тыл для іншых. Пазней кніга была перавыдадзена, і з яе старонак імя Шутава знікла, як і імёны некаторых "нядобранадзейных" краязнаўцаў.

Алесь як сам вывучаў гісторыю Аршаншчыны ўласнымі высілкамі, так і спрыяў яе вывучэнню іншымі. У прыватнасці, пры яго падтрымцы была створана краязнаўчая секцыя АМГА "Звяз", якая праводзіць цяпер асобныя мерапрыемствы: збор экспанатаў для музеяў, пошук знакавых месцаў, папулярызацыя краязнаўчых ведаў сярод моладзі. Пры яго непасрэдным удзеле быў адрамантаваны помнік атраду Ігната Будзіловіча ў Пагосцішчы і там распачаліся штогадовыя мерапрыемствы, з яго непасрэдным удзелам і пры яго су-арганізацыі быў рэканструяваны помнік на Кабыляцкай гары ды прайшло вельмі шмат дробных мерапрыемстваў, якія пры ўсім жаданні немагчыма было б пералічыць усе.

Журналіст

Шукаючы ў бібліятэках матэр'ялы па гісторыі Аршаншчыны, Алесь натыкнуўся на газеты "Аршанскі веснік", якая выходзіла з 1915 па 1917 гады ў Оршы. Пры гэтым была штодзённай, што для тых часоў было вельмі тэхнічна складана. Алесь захапіўся гэтым выданнем і марыў стварыць Оршы газету з адноўленай назвай і такой жа перядычнасцю выдання. Таму напачатку ён далучыўся да выдання газеты "Куцейна", а пасля яе закрыцця перайшоў да выпуску малатыражных бюлетэняў. У некаторыя моманты ў яго атрымлівалася, прыкладаючы шмат хітрасці, выдаваць у Оршы газеты. Мясцовая ўлада ўсімі сіламі імкнулася не дапусціць выдання ў Оршы незалежнай газеты. Таму адна з аршанскіх газетаў называлася "Время" і выдавалася ў Мінску, другая называлася "Віцебская трыбуна. Аршанскі выпуск", "Тэлевеснік. Аршанскі выпуск". З цягам часу ён спыніў марныя спробы зарэгістраваць мясцовую газету і пераключыўся на інтэрнэт-прастору - першым сайтам стала старонка з важнай для Алеся назвай "Аршанскі веснік". Але першая спроба стала навучальнай, а ўжо затым пайшоў наш сайт, які за даволі непрацяглы час стаў самым папулярным сайтам пра наш горад.

Моладзевы лідар

У сярэдзіне 90-х стала зразумела, што хуткай перамогі дэмакратыі не атрымаецца - перамога папуліста з замашкамі дыктатара, два рэферэндумы па вяртанні савецкай рэчаіснасці, аднаўленне палітычных рэпрэсіяў і г.д. Патрэбна было выпрацоўваць доўгатэрміновыя стратэгіі развіцця, і Алесь сканцэнтраваўся на стварэнні моладзевых арганізацый. Першай была арганізацыя "Рша". А потым: Задзіночанне беларускіх студэнтаў, Гісторыка, Малады Фронт, Моладзь БНФ, МХСС ды іншыя - гэта тыя структуры рэспубліканскіх арганізацый, якім дапамагаў паўставаць у Оршы Алесь. Асобнае яго дзецішча - моладзевая арганізацыя "Звяз". Адзіная зарэгістраваная моладзевая арганізацыя ў рэгіёне, якая не падначалена непасрэдна выканкаму і не кантралюецца БРСМ.

Пры скрайне абмежаваных рэсурсах, праз "Звяз" за 17 год існавання прайшло больш за тысячу сябраў, змянілася некалькі пакаленняў праўлення і праведзена ўжо больш за сотню розных мерапрыемстваў, у тым ліку, міжнародных.

Настаўнік

Алесь умеў вучыць. У свой час ён вырашыў сумясціць любімую справу - хімію і работу, заняўшыся рэпетытарствам. Калі б нехта паспрабаваў вызначыць лепшага рэпетытара па хіміі ў горадзе, то, хутчэй за ўсё, Алесь стаў бы лепшым. Працэнт паступленняў яго вучняў амаль 100%, выключэнне складаюць тыя, хто не хацеў вучыцца і патрапляў да рэпетытара выпадкова, ад іх ён, праўда, хутка пазбаўляўся - грошы ў гэтай рабоце (як і ў іншых занятках) для яго былі не вырашальнымі. Калі-небудзь Алесь жартам казаў: "я падрыхтаваў каля сотні моцных медыкаў-абітурыентаў, дзе ж потым знікаюць моцныя медыкі-маладыя спецыялісты"?

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: З жыцця Алеся Шутава

Сёння спаўняецца 40 дзён са дня смерці грамадскага дзеяча Алеся Шутава

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение