03:00

-1

8 м/с

974 гПа

06:00

-1

7 м/с

976 гПа

09:00

-2

7 м/с

979 гПа

12:00

-0

7 м/с

981 гПа

15:00

+1

7 м/с

981 гПа

Орша, Культура

Яшчэ адзін адрас Караткевіча

25.11.2016 07:23

3884 прагляду, 5 каментароў

Гісторыя пра тое як Віктарам Лютынскім быў знойдзены раней не вядомы дом, у якім жыў Уладзімір Караткевіч.

Летам на сайце быў змешчаны мой матэрыял, прысвечаны аршанскім адрасам Уладзіміра Караткевіча. Пісаў у ім і аб тым, што дом, дзе сям’я Караткевіча здымала жыллё пасля вяртання з эвакуацыі ў 1944 годзе, не захаваўся. Аб гэтым цвердзілі ўсе, хто вывучае жыццё і творчасць нашага слыннага земляка. Не валодалі гэтай інфармацыяй і супрацоўнікі музея У. Караткевіча. Старэйшая сястра пісьменніка Наталля Сямёнаўна нічога пэўнага пра гэта не казала.

Але, мне ўсё ж такі хацелася даведацца, дзе ён знаходзіўся, ці жывыя нашчадкі ягоных гаспадароў. Ва ўсіх біяграфічных выданнях пра У. Караткевіча пісалася, што ў 1944-1946 гг. сям’я здымала два пакоі ў доме царкоўнага старасты па вуліцы Пралетарскай. Праўда, прозвішча яго не згадвалася. Вывучаючы ў архіве дакументы пра рэлігійнае жыццё ў Оршы ў ваенны і пасляваенны час, даведаўся прозвішча старасты Петрапаўлаўскай царквы, што была размешчана на могілках па вуліцы Пралетарскай, Георгій Сцяпанавіч Марочка. Таксама згадвалася, што дом знаходзіўся побач з могілкамі. Таму я абышоў амаль ўсе дамы побач з могілкамі, пагутарыў з іхнымі сённяшнімі гаспадарамі. Ніхто не ведаў нават такога прозвішча. Нічога не далі і пошукі ў архіве БТІ. Тры гарадскія тэлефоны, зарэгістраваныя на прозвішча “Марочка”, увесь жнівень маўчалі. Нарэшце, у адной з сацыяльных сетак знайшоў Аксану Міхайлаўну Марочка. Патэлефанаваў ёй і, нарэшце, штосьці праяснілася. Яна мне дала тэлефон сваёй цёткі Наталлі Уладзіміраўны Конюшка, якая з’яўляецца роднай унучкай Г.С. Марочкі.

На фота: дом № 50 па вуліцы Пралетарскай

У адну з вераснёўскіх нядзель мы з ёй накіраваліся на вуліцу Пралетарскую. Яна была ў свайго дзядулі вельмі даўно, калі прыходзіла прыбіраць ў старога ў хаце. У яе сямейным архіве захаваўся дакумент, у якім яе бацьку, што вярнуўся ўлетку 1944 года з партызанаў, накіравалі жыць на вуліцу Пралетарскую, дом 74. Уважліва разглядаючы кожны дом па цотным баку вуліцы пасля будынкаў спецкамбіната, мы з ёй дашлі да дома № 50. “Магчыма, гэты дом,” – кажа Наталля Уладзіміраўна. Ціснем на званок. Выходзіць жанчына сталага веку. Пытаемся адразу, у каго яны набылі дом. І тут гучыць прозвішча “Марочка”. Вось і гэты дом. Ён драўляны, шаляваны, пафарбаваны, на вуліцу выходзіць чатыры акны. Дом добра захаваўся звонку, унутры, канечна, усё ўжо пераабсталявана. Дарэчы, пабудова дома датавана 1931 годам. Калісьці перад з домам быў равок, цяпер засыпаны, быў і ганак з навесам. Расла і бяроза, спіленая пасля жнівеньскага ўрагану 2000 года. Паставілі гаспадары і новыя ўваходныя дзверы. Аднак старадаўнія латунныя ручкі засталіся. Адпаліраваныя за дзесяцігоддзі да бляску, яны памятаюць і дотыкі рукі будучага класіка беларускай літаратуры.

На фота: Дом № 50 па вул. Пралетарскай

Адсюль Валодзя Караткевіч хадзіў вучыцца ў 1-ю беларускую школу. Таксама тут пачаў, відаць, і свой творчы шлях. У 28-й папцы хатняга архіва пісьменніка захоўваюцца ягоныя творы на рускай і беларускай мовах, напісаныя ў першыя пасляваенныя гады. Сярод іх, напрыклад, датаваны 16 сакавіка 1946 г. артыкул пра Францішка Багушэвіча.

На фота: За ручку трымаецца праўнук цяперашняй гаспадыні дома Міша

Праглядзелі і старую дамавую кнігу, якая змяшчае інфармацыю пра ўсіх, хто некалі жыў у доме (не так даўно іх адмянілі). Праўда, яна заведзена ў 1951 годзе. На той год нумар дома быў 74-ы. Відаць, пасля Караткевічаў тыя пакоі здаваліся ў наём гаспадарамі розным людзям, якія прыязджалі ў Оршу на вучобу ці работу. Якіх толькі прозвішчаў там няма! І цэлы “інтэрнацыянал”: беларусы, рускія, украінцы, яўрэі, армяне…

На фота: Дамавая кніга.

Пра сённяшні стан дома распавядала нам ягоная гаспадыня з 1989 года Людміла Георгіеўна Буканава. Праўда, пра тое, што ў яе доме пасля вайны жыў будучы пісьменнік, яна не ведала.

Прыемна было ўбачыць ў двары галубятню і яе насельнікаў. Некалі голубагадоўля была вельмі папулярным хобі сярод аршанцаў.

Такім чынам, захаваўся яшчэ адзін дом, дзе пэўны час жыў Уладзімір Караткевіч. Ці згадваў дзе ў творчасці пра сваё жыццё тут пісьменнік? Здаецца, не. Толькі ў лісце да свайго сябра Юрыя Гальперына (1960 г.), апавядаючы пра сваё не вельмі ўдалае заляцанне да масквічкі Ніны Молевай, Караткевіч са смуткам адзначаў (ліст на рускай мове): ”... кажется, скоро возьму и женюсь на просвирне, или на вдове церковного старосты”. Маршрут экскурсіі “Па караткевічавым мясцінам Оршы” трэба дапоўніць цяпер адрасам на вуліцы Пралетарскай. А на доме, мяркую, неабходна ўстанавіць памятную дошку.

Віктар Лютынскі

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Яшчэ адзін адрас Караткевіча

Гісторыя пра тое як Віктарам Лютынскім быў знойдзены раней не вядомы дом, у якім жыў Уладзімір Караткевіч.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение