Канешне, традыцыйна, найбольш мерапрыемстваў праходзіць у Оршы - на радзіме пісьменніка. Тут дні народзінаў Караткевіча паралельна святкуе як мемарыяльны музей Уладзіміра Сямёнавіча, так і грамадскія актывісты з-за чаго мерапрыемстваў становіцца значна больш, а колькасць іх наведвальнікаў павялічваецца.
Але не толькі аршанцы ўзгадваюць Караткевіча - у гэтым годзе, таксама традыцыйна, святкаванні таксама прайшлі ў Віцебску. Па звароту сяброў аргкамітэту партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, улады падрамантавалі прыступкі каля мясцовага помніка пісьменніку. Грамадскія ж і палітычныя актывісты ў дзень народзінаў сабраліся каля помніку, каб ускласці кветкі, пачытаць вершы, узгадаць аўтара гістарычных раманаў.
Помнік Караткевіча прыцягнуў да сябе людзей і ў Кіеве - тут ён сабраў сяброў аднаго з клубаў беларускай мовы, прыходзілі на працягу дня і звычайныя кіеўляне ды сябры беларускай дыяспары горада.
У Мінску вялікіх святкаванняў не адбылося, але ці не ўпершыню дата дня народзінаў Караткевіча была выкарыстана камерцыйнай фірмай - вытворца скураных вырабаў Minsker абвесціў зніжкі на сваю прадукцыю ад 15 да 30% у гонар дня народзінаў нашага земляка. Праўда, студэнты філалагічнага факультэту БДУ 6 снежня правядуць тэматычную інтэлектуальную гульню прысвечаную пісьменніку. Анонс гульні, як раз, быў апублікаваны на дзень народзінаў Караткевіча.
Фота Радыё свабода