Жыхарка Менска ехала ў Смаленск па сваіх справах, рабіла перасадку ў Оршы. Чакаць транспарту да Смаленска было доўга, таму яна вырашыла крыху пагуляць у гульнявым клубе. "Крыху" вылілася ў пройгрыш усіх грошай, давялося здымаць з банкаўскай карткі мужа. Але і гэтыя грошы былі спушчаныя цалкам. У выніку 57-гадовая жанчына выйшла на вуліцу і стала прасіць у аршанскіх мінакоў грошы, гаворачы, што прыехала ў горад і стала ахвярай крадзяжу, не мае грошай нават на дарогу. Атрымаўшы ад спагадлівых аршанцаў пэўную суму, жанчына ...вярнулася ў гульнявы клуб. Яна вырашыла, што ўдача ў гэты дзень проста абавязаная пасміхнуцца ёй. Аднак і тыя сродкі былі прайграныя.
Каб апраўдацца перад мужам за недаезд да Смаленска і растрату ўсіх яго грошай, жанчына напісала заяву ў міліцыю. Там адразу западозрылі, што грошы не былі скрадзеныя, а іх растраціла сама жанчына. Суд прыйшоў да высновы, што ніякага крадзяжу не было і пастанавіў аштрафаваць жанчыну за заведама ілжывы данос на 30 базавых велічыняў, што цяпер складае 690 рублёў.