Аршанскі паэт Мікола Камароўскі падрыхтаваў да выдання сваю новую кнігу, праўда, на гэты раз кнігу прозы. Новая кніга Міколы Іванавіча называецца "На і табе! Непрыдуманыя гісторыі". І складаецца з апавяданняў пра ўласнае жыццё аўтара. Выдаваць кнігу ў папяровым варыянце на сёняшні дзень даволі дорага, таму, пакуль вядзецца пошук сродкаў, кожную суботу на нашым сайце будуць з'яўляцца новыя главы гэтай кнігі. А сёння, няхай сам аўтар распавядзе пра гэты зборнік непрыдуманых гісторыяў.
Ад аўтара
Расказаныя гісторыі ў сваёй аснове маюць рэальныя факты. Асобныя дэталі з-за даўнасці часу маглі сцерціся з памяці, таму яны дадумваліся фантазіяй, але без злоўжывання апошняй. Большасць імён зменена. З-за этычных меркаванняў. Сапраўдныя захаваны толькі тыя, носьбіты якіх не пакрыўдзяцца ці не пакрыўдзіліся б. Па часе храналогія строга не захоўваецца. Па месцах падзей – гэта Мікалаўшчына з ваколіцамі, мая малая радзіма, інтэрнат БДУ на былой Паркавай магістралі ў Мінску і Аршаншчына, дзе прайшло працоўнае жыццё. Выданне задумвалася як зборнік смешных выпадкаў, але разам з вясёлым прыгадвалася і сумнае з пражытага і перажытага.