Распачаў размову рэдактар часопісу ARCHE Валер Булгакаў. Першай справай ён адзначыў, што яшчэ год таму не мог паверыць у магчымасць аднавіць сустрэчы са сваімі чытачамі ў рэгіёнах. Тады вакол часопіса ішлі жарсці, з-за якіх рэдактару пагражала крымінальная адказнасць, а часопісу ліквідацыя. Спадар Булгакаў распавёў падрабязнасці той гісторыі і патлумачыў сваё бачанне яе прычынаў: "Наш часопіс, як і ўвогуле беларуская кніга, стварае нацыянальную ідэнтычнасць. Таму дзяржава надае вялікую ўвагу беларускамоўнай кнізе. Негатыўную ўвагу." на думку спадара Бугакава, менавіта таму за мінулы год у Беларусі выдадзена толькі каля 260 беларускамоўных кніг. Для параўнання: у Германіі 250 кніг на год - гэта норма работы для звычайнага выдавецтва. Таксама рэдактар часопіса распавёў пра апошнія і найбольш яркія кнігі выдадзеныя пры дапамозе ARCHE, а таксама тэмы апошніх нумароў часопіса.
Далей слова ўзяў Анатоль Сідарэвіч, які напачатку паіранізаваў наконт міні-блога "Магільшчык сацыял-дэмакратыі ў Оршы", апублікаванага ўчора на нашым сайце. Асноўная тэма яго выступу - прэзентацыя нумара часопісу ARCHE, прысвечанага Палессю. Прычым прэзентацыя атрымалася не звычайная, а з пункту гледжання ўласных успамінаў, эмоцый і ўражанняў, як чалавек які значную частку жыцця сам пражыў на Палессі. Пра кожны артыкул, апублікаваны ў часопісе, Сідарэвіч распавядаў як ускосны сведка апісанага.
Арганізатары мерапрыемства плануюць зрабіць падобныя сустрэчы з рознымі культурнымі дзеячамі рэгулярнымі.
На фота: Валер Булгакаў На фота: Анатоль Сідарэвіч