Копысь - сёння гэты населены пункт мае статус мястэчка - прымае новы генеральны план развіцця, дзякуючы якому ён мусіць стаць культурна-дзелавым цэнтрам. Што ж будзе такога ў Копысі, што зробіць яго такім цэнтрам ды яшчэ і прыцягне турыстаў пра якіх гаварылі яшчэ ў мінулым годзе, калі Лукашэнка вырашыў зрабіць з Копысі "маяк для всех малых населённых пунктов республики с точки зрения совершенствования социальной инфраструктуры".
Яшчэ ў мінулым годзе было агучана, што ў Копысі будзе "ушчыльненне" жылой забудовы, будзе пабудавана дадатковая транспартная інфраструктура, у прыватнасці, з'явіцца аб'яздная дарога. На беразе Дняпра з'явяцца камфортныя спускі да вады і прычалы. Для турыстаў будзе распрацавана экалагічная сцежка, паркавая зона, пляж, пабудавана аграсядзіба для прыёму турыстаў. Будзе адрэстаўраваны "Пятроўскі вал" - тэрыторыя былога замка, які - як і іншыя замкі на Дняпры - знішчылі расейскія войскі па загаду Петра І. Асобная ўвага, традыцыйна, будзе нададзена спартовым аб'ектам - будуць мадэрнізаваныя мясцовы стадыён і спартовая зона школы.
На чарговым паседжанні ў Копысі, якое прайшло 7 лютага з удзелам міністра энэргетыкі, сталі вядомыя дадатковыя рысы будучага развіцця мястэчка. У сувязі з "ушчыльненнем" жылой забудовы давядзецца праводзіць рэканструкцыю лініяў электраперадачаў, з'явяцца новыя светадыёдныя ліхтары вулічнага асвятлення ўздоўж дарог. Рэканструкцыі падлягаюць і дзве паветраныя лініі электраперадачаў вялікай напругі, і трансфарматарныя падстанцыі Копысі.
Плошча мясцовага рынка будзе пашырана, а на ёй самой з'явіцца грамадска-гандлёвы цэнтар з крамай, пякарняй, поштай, банкам, дзіцячай кавярняй, гульнятэкай і відэазаляй.