Юры Несцярэнка — беларускі літаратар, музыкант, аўтар і выканаўца, стваральнік гуртоў “White Night Blues” і “Nestary Band”. Неаднаразовы ўдзельнік фестываляў “Блюз жыве ў Мінску”, “Грыфаманія”, “Рок-каранацыя”, “Рок-кола” і многіх іншых.Нарадзіўся ў 1965 годзе на Быхаўшчыне. Скончыў Мінскі інстытут культуры. Піша прозу, публіцыстыку, перакладае з англійскай, польскай, украінскай, рускай моў. Творы друкаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць», «Бярозка», «Верасень», «Тэрмапілы», газетах «Літаратурная Беларусь», «Літаратура і мастацтва», «Краязнаўчай газеце» ды многіх іншых. Аўтар кнігі прозы «Звычайны шоу-бізнес» (2015). Вядзе музычную калонку на сайце “Родныя вобразы” (RV-BLR.COM), аўтар артыкулаў, рэцэнзій, інтэрв’ю на музычныя тэмы ў многіх беларускіх выданнях. Жыве ў Бялынічах.
Кніга «Маё мястэчка ў часе і прасторы» — збор краязнаўчых нарысаў. Аўтар прапануе погляд на гісторыю мястэчка Бялынічы, якая адлюстравалася ў назвах вуліц, у назвах адметных мясцінаў. Кніга разлічана на чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй Беларусі, гісторыяй Прыдруцкага краю. Тут даецца апісанне культавых дрэваў, дарог і сцежак, вадаёмаў і старажытных аб’ектаў.
Выступ Юрыя Несцярэнкі адбудзецца па адрасе Орша, вуліца Чырвонаармейская, 13. Пачатак сустрэчы 19-га сакавіка а 12:00.