Першая гасцявая гульня для аршанцаў у чэмпіянаце-2017 адбудзецца ў Менску на стадыёне РЦАП-БДУ. У суперніках аршанцаў будуць футбалісты "Энергетыка-БДУ", яшчэ летась каманда называлася "Зоркай-БДУ", але праз змену спонсара вырашыла змяніць і назву, што выклікала супраціў фанатаў клуба. Яны наведалі першы матч "армейцаў", у якім клуб саступіў "Смаргоні" 1:2, і заявілі, што ў далейшым адмаўляюцца падтрымліваць клуб, пакуль ён не верне гістарычную назву. У "Энергетыку" заяўляюць, што каманда будзе складацца пераважна з выхаванцаў Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі, на стадыёне якога і выступае клуб.
"Орша" таксама прайграла першы матч, таксама хатні. У паядынку з пінскай "Хваляй" аршанцы саступілі 0:1 з-за аўтагола Яўгена Пракопчыка. У матчы "сіня-белыя" не прадэманстравалі нічога выразнага, аднак апраўданнем нашай камандзе можа служыць старт сезону, на пачатку не ўсім удаецца паказаць свае лепшыя якасці. "Энергетык-БДУ" зусім не выглядае маналітнай камандай, якая здольная на вялікія дасягненні ў сёлетнім сезоне, а таму ад "Оршы" варта чакаць перамогі, калі каманда, натуральна, будзе гуляць лепей, чым гуляла з "Хваляй".
Паміж "Энергетыкам-БДУ" і "Оршай" гэта будзе ўжо 11 матч. У папярэдніх 10 гульнях 5 разоў перамогу святкавалі футбалісты тады яшчэ "Зоркі", 4 разы мацнейшымі аказваліся аршанцы і 1 матч завяршыўся ўнічыю. А вось розніца галоў злёгку на баку "Оршы" 10:9.
Сустрэча "Энергетык-БДУ" - "Орша" пройдзе 15-га красавіка на стадыёне РЦАП-БДУ ў Менску і пачнецца а 14:00.