Верагодна, што цяперашні ўладальнік тэрыторыі, на якой знаходзіцца колішні Аршанскі піўзавод, вырашыў "зачысціць" тэрыторыю. 26-га траўня там стаў працаваць трактар з каўшом, які руйнаваў збудаванні. Што плануецца зрабіць на гэтым месцы, невядома. Таксама невядома, ці будуць знішчаны ўсе будынкі знакамітага Аршанскага бровара, уладальнікам якога на пачатку ХХ стагоддзя быў вядомы прадпрымальнік Вайнберг.
Аршанскі піўзавод быў адным з найстарэйшых у Беларусі і ў лепшыя часы выпускаў мільён далаў літраў піва ў год. Ён быў заснаваны як «Сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўночна-заходняга краю» ў 1883 годзе. Да 1919 года, калі прэзідыумам ВСНГ было прынята рашэнне нацыяналізаваць завод, ён належаў сям'і Вайнберг.
У 20-ых на завод прыйшоў працаваць півавар Ян Смажэк, у гонар якога ў 90-ых быў выпушчаны імянны гатунак піва. Прапрацаваў ён на заводзе больш за 30 гадоў. У 1928 годзе завод перадалі пладова-ягаднаму камбінату, які займаўся вырабам фруктовых сокаў і разлівам піва. У 70-ыя была праведзена маштабная рэканструкцыя завода па тэхналогіі славацкага бровара Urpin з Банскай Быстрыцы.
З канца 80-ых вытворчасць піва ў Оршы стала пастаянна скарачацца, хоць з'яўляліся новыя гатункі - «Боярин Орша», «Брава», «Гасцінец», «Джокер», «Ильинское», «Каляднае», «Куцеінскае», «Мастер Смажек», «Молодёжное», «Спадар», «Сучаснае», «Тамада», «Тры волаты» і нават безалкагольнае піва. У 2003 годзе прадпрыемства было пераўтворана ў ААТ, але варылася тут ужо толькі 235 тысяч далаў піва. У 2006 годзе завод быў прызнаны банкрутам. З таго часу мінула амаль 11 гадоў, завод стаяў і развальваўся. На жаль, ні горад, ні які прадпрымальнік не ўзяліся за яго аднаўленне, і цяпер, у адрозненне ад Ліды, Рэчыцы наша Орша не мае свайго піва.
Матэрыялы па тэме Аршанскага піўзавода:
Аршанскае піва, якое мы страцілі
Што засталося ад Аршанскага піўзавода? (фота)
Новыя імёны рэпрэсаваных. Адзін з кіраўнікоў піўзавода Фларыян Данілаў
Фільм пра гісторыю Аршанскага піўзавода