Гэтай вясной наш сайт некалькі разоў звяртаўся да тэмы месцаў масавых растрэлаў вакол Оршы. У прыватнасці, мы пісалі пра "Харкаўскі лес", пра помнік Сталінскім рэпрэсіям на Кабыляцкай гары і помнік ахвярам фашыму ў тым жа ўрочышчы. Пад многімі з гэтых артыкулаў з'яўляліся каментары, кшталту: "раскажыце як гэтае месца знайсці". Сапраўды, гэтыя месцы знаходзяцца ў лясах, на іх звяртаецца мала ўвагі з боку афіцыйных асобаў і дзяржаўных СМІ, гэтыя месцы не ўваходзяць у турыстычныя маршруты і таму аршанцы пра іх ведаюць мала. У сувязі з гэтым, распавядаем нашым чытачам як дабрацца да гэтых месцаў.
Помнік ахвярам Сталінскіх рэпрэсій на Кабыляцкай гары.
Што за месца? Месца гэтае было знойдзена раней за Курапаты і больш-меньш даследвана. Даследванняў хапіла для таго каб прызнаць, што гэта растрэлы менаівта НКУС, але не хапіла для таго каб высветліць колькі ж людзей тут растраляна і пахавана. Таму лічбы называюцца вельмі розныя ад 300 чалавек да 3.000 чалавек, што падобна на праўду, улічваючы, што ў Оршы была вялікая перасыльная турма. У пачатку 90-х Аршанскі выканкам усталяваў тут помнік у выглядзе вялікага камяня з шыльдай. Са зменай палітычнага курсу (калі ў Беларусі, з прыходам Лукашэнкі, ўлада ўсё больш пачала хаваць злачынствы камуністаў) помнік перасталі даглядаць на афіцыйным узроўні, а пазней і была скрадзена шыльда. Актывісты розных дэмакратычных арганізацый даглядаюць помнік, нават, сваімі сіламі правялі яго рэканструкцыю. Нашчадкі рэрэсаваных час ад часу прыносяць сюды і ўсталёўваюць шыльды ў памяць пра растраляных, людзі традыцыйна збіраюцца на Кабыляках на Дзяды.
Як дабрацца? Каб патрапіць на гэты помнік трэба даехаць да Андрэўшчыны, а дакладней да рэстарана "Радуга". За рэстаран ад трасы Е95 ідзе дарога ў бок лесу - па ёй трэба дайсці да недабудаванай чыгунцы (менавіта пры яе будаўніцтве і знайшлі пахаванні, пасля чаго чыгунку закінулі). На другім баку чыгункі, трохі правей ад месца пад'ёму і будзе знаходзіцца помнік.
Помнік ахвярам фашызму на Кабылякай гары.
Што за месца? Фашысты не рэдка карысталіся тымі ж месцамі масавых пахаванняў, якімі карысталіся і камуністы. Таму не дзіва, што адлегласць ад пахаванняў Сталінскіх рэпрэсій і месца зробленае фашыстамі знаходзяцца на адлегласці меньш чым кіламетр адно ад аднаго. Тут, праўда, фашысты не растрэльвалі, а толькі хавалі растраляных у гарадской турме (Езуіцкі калегіюм). У 90-х тут паўстаў спачатку праваслаўны крыж, а пазней з'явіўся і помнік (адзін з нямногіх дзе тэкст напісаны па-беларуску). Тэкст на помніку паведамляе, што ва ўрочышчы пахавана каля 4.000 чалавек, але дакладна падцвердзіць гэтую лічбу не магчыма - паўнавартасных даследванняў тут таксама не было.
Як патрапіць?
На гэтае месца прасцей накіроўвацца з боку раёна Гразілаўкі. Даехаўшы да апошняга аўтобуснага прыпынку па вуліцы Зарэчная (працяг вуліцы 1-га Мая) трэба накіравацца ў лес па лясной дарозе ў якую перарастае вуліца. Зварочваем на першым жа лясным павароце на права (не пераблытайце з тым паваротам, які знаходзіцца на мяжы лесу), пасля паварота будзе развілка - прыміце на ёй лявей і ідзіце не больш чым трыста метраў - па левым баку пабачыце помнік.
Што за месца? Пра гэтае месца (як і пра шмат іншых масавых пахаванняў часоў Сталінскіх рэпрэсій у раёне) стала вядома яшчэ канцы 80-х. Па сведчаннях старажылаў, тут растрэльвалі пераважна святароў, манахаў ды іншых людзей маючых дачыненне да цэркваў розных канфесіяў. Краязнаўцы па характэрных прыкметах знайшлі, нават, растрэльныя ямы, але да археалагічных даследванняў зноў справа не дайшла. Тым не меньш, нядаўна знайшоўся дакумант паводле якога выканкам рыхтаваў і тут усталяваць помнік ахвярам Сталінізму, але справу давесці да канца не паспелі. Сёння на гэтае месца насоўваецца новы мікрараён і таму краязнаўцы ды грамадскія актывісты зноў паднялі тэму Харкаўскага лесу.
Як знайсці? Тут растрэлы адбываліся па абодвух баках Магілёўскай шашы, але без спецыяліста або чалавека які ўжо бываў тут на экскурсіях знайсці нешта будзе складана. Па правым ад Оршы баку дарогі першыя растрэльныя ямы можна пабачыць ужо метраў праз 50 ад мясцовай аўтазапраўкі. На левым баку лепш дайсці да стэлы "Орша", праз некалькі метраў ад яе пачынаецца зарослая старая лясная дарога - па сведчаннях старажылаў па ёй у гэтую частку леса заязжалі "Чорныя варанкі".
Нагадаем, што вы таксама можаце прыняць удзел у вывучэнні і захаванні памяці пра Сталінскія рэпрэсіі ў якасці валанцёра, каб запісваць успаміны людзей, або самому распавесці гісторыю звязаную з вашай сям'ёй. Для гэтага трэба адправіць на адрас [email protected] свае кантакты. Калі вы хочаце быць валанцёрам, то ў тэме ліста напішыце слова "валанцёр", калі ж распавесці гісторыю, то апішыце яе каротка, а для больш поўнага запісу валанцёры самі прыедуць да вас у зручны час і месца.