У матчы 11-га туру чэмпіянату Беларусі па футболе "Орша" адправілася ў госці да "Асіповічаў". Да сустрэчы гісторыя матчаў паміж клубамі была абсалютна роўнай, па 12 перамог кожнага з бакоў і 2 нічыі, розніца галоў, зрэшты, была на карысць "Асіповічаў" 44:35. Забягаючы наперад, адзначым, што нічыйны баланс застаўся і пасля матчу. У першым тайме Федзянін адкрыў лік, але на 64-й хвіліне нападнік "Оршы" Аляксей Хадневіч удала згуляў на дабіванні, сустрэча так і завяршылася ўнічыю 1:1.
Склад "Оршы": Харытонаў, Пракопчык, Мінянкоў (Мараў, 46), Пячэнін, Кухаронак (Шчарбакоў, 85), Жданок, Вараб'ёў, Плясуноў, Краўчук, Знак (к) (Хількевіч, 73), Хадневіч.
Вынік сустрэчы пракаментаваў галоўны трэнер "сіня-белых" Юрый Канаплёў:
- Ці можна казаць, што пасля чатырох паражэнняў запар адно ачко для вашай каманды - набыццё?
- Калі псіхалагічна, то так. У хатняй гульні прапусцілі на 93 хвіліне і з «Белшынай» быў неабгрунтаваны пенальці, у каманды ў такім выпадку пачынаецца нервовасць. Так што сёння згулялі ўнічыю - гэта плюс.
Адзінае, што не спадабалася, як мы, маючы перавагу, далі магчымасць забіць у першым тайме. «Асіповічы» адзін раз падалі і забілі гол, трэба забіваць першымі і ў абароне гуляць больш акуратна.
Мы зраўнялі лік і атрымалася «анархія»: хутчэй хочам згуляць наперад і не бяжым назад. Так нельга гуляць у футбол, таму дзесьці і задаволены нічыёй пасля чарады паражэнняў, але з пункту гледжання структуры гульня маёй каманды мне не спадабалася.