У самым пачатку свайго выступу Спадар Стральцоў агаварыўся, што з'яўляючыся намеснікам старшыні Партыі БНФ сёння ён будзе выказваць сваё ўласнае меркаванне, якое адрозніваецца ад афіцыйнай пазіцыі Партыі.
Паводле меркавання выступоўцы, саманазва нашай нацыі беларусы з'яўляецца меньш зручнай для падкрэслівання нацыянальнай ідэнтычнасці чым літва. Пры гэтым беларусы маюць поўнае права ўзяць сабе гэтую саманазву, бо мы не чыстыя славяне, а, хутчэй, балта-славяне.
Амаль адразу тэма выклікала дыскусію. Асноўным апанентам канцэпцыі "літвінства" выступіў аршанскі краязнаўца Юрась Копцік. Астатняя публіка падзялілася прыблізна напалову на тых хто пагаджаўся са Стральцовым і тых хто пагадзіўся з Копцікам.
Пасля дыскусіі слова ўзяў Крупскі краязнаўца Андрэй Аляхновіч, які прэзентаваў кнігу "Хроніка палітычнага тэрору 1918-2008. Крупскі раён, Малое Палессе, Друцка-Бярэзінскі край". Ідэя напісання такой кнігі з'явілася ў Андрэя Аляхновіча і Сяргея Дубаўца пасля выхаду кнігі "Памяць" Крупскага раёну. У "Памяці" прысутнічала ўсяго толькі 350 рэпрэсаваных, а па словах аднаго з яе аўтараў гэтыя людзі сапраўды заслужылі рэпрэсіі. "Хроніка палітычнага тэрору" сабрала 2500 рэпрэсаваных, з іх 700 чалавек было растраляна, 170 чалавек з іх было растраляна ў Оршы.
Скончылася сустрэча кароткім выступам барда Андрэя Мельнікава.
У хуткім часе ў такім жа фармаце ў Оршы выступяць Алесь Марачкін, Мечыслаў Грыб, Уладзімір Колас.
На фота: Алесь Стральцоў-Карвацкі
На фота: Андрэй Аляхновіч
На фота: Андрэй Мельнікаў