Сайт tut.by выбраў 10 самых цікавых фестываляў у вобласці, якія пройдуць у гэтым годзе. Патрапіў у спіс самых цікавых і фестываль "Мірнае неба Аршаншчыны". Гэты фестываль паветраных шароў стаў ужо традыцыйным і праходзіць у дні калі горад святкуе свой дзень народзінаў. У гэтым годзе цеплавыя аэрастаты падымуцца ў мірнае неба Аршаншчыны 29 чэрвеня. У гэты дзень, калі не перашкодзіць надвор'е, адкрыццё фестываля адбудзецца а 18-00 на стадыёне "Лакаматыў". Са стадыёна падымуцца ў паветра, як мінімум, 9 аэрастатаў з беларускімі і латвійскімі экіпажамі. Да 1-га ліпеня яны будуць падымацца па два разы на дзень а 6-00 і а 18-00. А 30-га чэрвеня кошыкі аэрастатаў як паходні праедуць праз горад і будуць усталяваныя на беразе Дняпра.
Сярод іншых фестываляў, якія рэкамендуе наведаць tut.by, віцебскі фестываль фарбаў Холі. Хаця з мінулага года такі самы фестываль праходзіць і ў Оршы. Пры гэтым, у спіс не патрапіў значны для Аршаншчыны фестываль "Александрыя прымае гасцей", бо фармальна ён праходзіць на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.