Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў адноўленую Копысь. Журналісты тэлеканала АНТ падрыхтавалі з гэтай нагоды матэрыял у праграму "Контуры".
Паведамляецца пра адноўленае гарадзішча, новыя дарожныя знакі, інфраструктуру. У Копысі з'явілася і больш працоўных месцаў, а ў перспектыве, як абяцае Лукашэнка, могуць з'явіцца і перапрацоўчыя цэхі, якія будуць працаваць з мясам і малаком для суседніх аграхолдынгаў. Зрэшты, пакуль гэта толькі праекты, а ў рэальнасці ў Копысі з'явіліся новыя ходнікі, спартовыя пляцоўкі і многае іншае. У сваім выступе нараджэнец гэтых мясцін Лукашэнка адзначыў, што "кожны губернатар" мусіць прыехаць у Копысь, каб на гэтым досведзе аднаўляць пасёлкі ў сваёй вобласці. Пры гэтым, пасады "губернатар" у Беларусі не існуе, а згодна з законам, кіраўнікі абласцей называюцца старшынямі абласных выканаўчых камітэтаў.
Варта адзначыць, што аднаўленне Копысі прайшло без затрымак і згодна з планам.