Досыць камічнае здарэнне адбылося ў Сянне, аўтааматар на "Жыгулях", так званай у народзе "пяцёрцы", даючы задні ход, урэзаўся ў ліхтарны слуп. У выніку ўдару машына атрымала нязначныя пашкоджанні, а са слупа зляцеў белы асвятляльны плафон. Здаецца, дзе ж тут камічнасць? Смех сітуацыі ў тым, што гэта адбылося на... стадыёне. Так, на футбольным стадыёне падчас матчу "Камунальніка" (Сянно) з талачынскай "Нівай". Сустрэча скончылася перамогай сенненцаў 3:1, што ўзмацніла іх першую пазіцыю ў групе "Б" чэмпіянату Віцебскай вобласці. Але пра справы футбольныя на нашым сайце будзе асобны артыкул пазней.
Тут жа здарэнне з плафонам і "Жыгулямі" выклікала ажыятаж сярод 155 гледачоў, якія прысутнічалі на матчы. Аўтамабіль заехаў на стадыён без здарэнняў, але падчас гульні пачаўся моцны дождж, і кіроўца вярнуўся ў салон. Агляд футбола праз лабавое шкло яго не задаволіў, і ён вырашыў змяніць пазіцыю...пераехаўшы на сваім аўто на іншае месца, а там не заўважыў слуп ззаду, і задняй часткай аўтамабіля трапіў у яго, збіўшы плафон. Некалькі фота з інцыдэнтам апублікаваныя на сайце футбольных "граўндхопераў" — аматараў футбольных матчаў і стадыёнаў. З гэтага рэсурсу мы і атрымалі яшчэ адно пацверджанне, што здарэнне з ліхтаром сапраўды мела месца. На жаль, на здымкі трапіла не сама аварыя, а толькі ажыятаж, звязаны з ёй.
Дарэчы, у Сянне ў горадзе стаяць шчыты з фотаздымкам мясцовай каманды, чаго няма ў Оршы.