03:00

-1

7 м/с

975 гПа

06:00

-1

8 м/с

977 гПа

09:00

-2

7 м/с

979 гПа

12:00

-0

7 м/с

981 гПа

15:00

+1

7 м/с

981 гПа

Орша, Культура

“Мой друг і мая зямля”

03.08.2017 13:52

3696 праглядаў, 3 каментара

Янка Брыль і Орша

4 жніўня спаўняецца 100 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі (Івана Антонавіча) Брыля (1917-2006). Яшчэ пры жыцці ён стаў прызнаным класікам беларускай літаратуры. Ягоныя творы чыталі ўсе беларусы, бо яны даўно ўжо ўваходзяць у школьную праграму. Жыццё пісьменніка закранулі ўсе найважнейшыя і лёсавызначальныя падзеі ХХ стагоддзя. Ён і сам быў непасрэдным ўдзельнікам асобных з іх. А ў сваіх творах імкнуўся праўдзіва адлюстраваць боль і надзеі свайго народа, якому выпала столькі цяжкіх выпрабаванняў. Але мы закранёмсёння толькі тое, што звязвала Янку Брыля з Оршай.

Янка Брыль быў адным з найлепшых сяброў нашага слыннага земляка Уладзіміра Караткевіча. Хоць розніца ва ўзросце была значная – амаль 14 гадоў. Пра іх сяброўства і творчыя сувязі можна распавядаць доўга (не будзем адбіраць хлеб у літаратуразнаўцаў). Яны, дарэчы, і ў лепшы свет пайшлі ў адзін і той жа дзень – 25 ліпеня.

Да 50-годдзя сябра і паплечніка Уладзімір Караткевіч напісаў нарыс “Мой друг і мая зямля” (1967 г.). У ім шмат шчырых і цёплых слоў у адрас юбіляра, сярод іх і такія: “… я даражу ў гэтым чалавеку тым, што сустракаецца значна радзей. Гэта бездакорная пісьменніцкая і чалавечая сумленнасць. Тое, што вышэй за ўсё цэніцца. А калі цэніцца, то няхай і застанецца назаўсёды на радасць сябрам і ўсім іншым людзям.

Уладзімір Караткевіч і Янка Брыль. 1959 г.

І, урэшце, больш за ўсё каштоўнае асабіста для мяне. Тое, што ён харошы чалавек і харошы друг. Чалавек. Асоба.

Каб ён ніколі ў жыцці не напісаў і радка, мы ўсе, вядома, былі б ў тысячу разоў бяднейшыя. Але, думаю, што і тады кожны, з кім звёў бы яго лёс, адчуў бы і розум, і сумленне, і высокую даравітасць гэтага чалавека, і зрабіўся б яго другам…”

Цікавы эпізод іхняга сяброўства згадваў Рыгор Барадулін. Былі яны ўтрох на малой радзіме будучага народнага паэта. Трэба было перайсці невялікую рэчку па таплявіне. “У Янкі Брыля і ў мяне былі гумавыя боты, – пісаў Рыгор Іванавіч, – а Уладзімір Караткевіч ішоў у туфлях. І давялося Брылю пераносіць па зыбаўцы фальстафаватага Караткевіча, а ён, добра падбахушаны, з ніколі не пагаслай цыгарэцінай у зубах, разгойдваючыся, як у сядле, з аршанска-ўэльскай іроніяй цікавіўся: “Янка, ці ня цяжка табе?” – і зьнізу чуў адказ канкрэтны: “Замаўчы, а то скіну”. Я толькі ў думках канстатаваў:

Аж дрыжыць гаротавая грыва,

Ўсьмешкай сьвеціцца лісьце ў расе.

На плячох манумэнтных цярпліва

Помнік будучы помнік нясе.

Паступова сябры мае робяцца помнікамі, а для мяне яны жывыя…”

Так, ужо існуюць тры помніка У. Караткевічу і пакуль, на жаль, ніводнага Я. Брылю. Хоць некалі яго бюст зрабіў выдатны беларускі скульптар Сяргей Вакар (дарэчы, ураджэнец Оршы).

Вакар С. Партрэт пісьменніка Я. Брыля. 1976 г.

Праз год пасля смерці сябра Янка Брыль напісаў эсэ “Наш Караткевіч” (1985 г.) пра свайго “дарагога, нялёгкага, светлага, незабыўнага брата”. Вось апошнія радкі з яго: “Беларусь даўно чакала такога пісьменніка.

І радасна, што ён прыйшоў.

І горка, балюча, што ён не змог, не паспеў разгарнуцца яшчэ больш глыбока і шчодра”. У лістападзе 1995 года ў Оршы ўрачыста адзначалася 65-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча (здаецца, святкаванне наступных юбілеяў было больш сціплым ды не такім душэўным). Оршу наведала прадстаўнічая пісьменніцкая дэлегацыя з Мінска (яшчэ пісьменнікі не падзяліліся на два творчыя саюзы). Быў сярод гасцей і Янка Брыль. У сваім дзенніку (які ён вёў амаль ўсё свядомае жыццё і які налічвае больш за 5 тысяч старонак) ён занатаваў: “Нідзе, наколькі я ведаю, памяць пра славутага земляка беларусы яшчэ так не адзначалі, як аршанцы Валодзеву.

Хоць за гэтым балюча-сумна мне ные голас часу: у школах, якія ганарацца Караткевічам, – у адной вучыўся, у другой працаваў, – няма ўжо беларускамоўных першых класаў. Навыступаўся я: чатыры разы і ўсё экспромтам, – на канферэнцыі і перад студэнтамі філіяла камерцыйнага інстытута, на ўрачыстым вечары і каля помніка, не паўтараючыся і не зацягваючы”.

Менавіта словамі Янкі Брыля “Няхай свяціцца імя яго!”, якімі ён скончыў сваё выступленне на ўрачыстым гарадскім сходе, у “Аршанскай газеце” выйшаў выніковы матэрыял пра святкаванне юбілею У. Караткевіча.

Мне пашчасціла 25 лістапада 1995 года, працуючы тады ў Музеі гісторыі і культуры Оршы, весці для сталічных гасцей экскурсію па музеі, а таксама па гістарычным цэнтры горада. Зразумела, не мог не адвесці пісьменніцкую дэлегацыю на “гарадзішча старое на зліве рэк”. Было кепскае надвор’е, галалёд, дождж. Узбірацца на пляцоўку гарадзішча па слізкай брукаванай дарожцы было цяжка і небяспечна. Тагачасная загадчыца аддзела культуры гарвыканкама В.М. Сіднякова раіла застацца ўнізе. Але Янка Брыль, які неафіцыйна быў старэйшынай дэлегацыі, сказаў: “Хлопцы, тут Караткевіч хадзіў, давайце возьмемся за рукі і пойдзем па траве”. А на наступны дзень мне давялося сустракаць Івана Антонавіча і паэта Уладзіміра Скарынкіна (перакладчыка на беларускую мову дантавай “Боскай камедыі”), каб правесці іх у этнаграфічны музей “Млын”. Экскурсаводы ім не былі патрэбны. Брыль сказаў, што сам родам з вёскі і мог бы нам, гарадскім, усё распавесці і пра прылады сялянскай працы, і пра заняткі, і пра промыслы. А потым я павёў іх праз горад на вуліцу Караткевіча, адкуль павінна было пачацца ўрачыстае юбілейнае масавае шэсце. Ля прадпрыемства інвалідаў па слыху мы ўбачылі, як конь у брычцы, што была на чале фарміруемай калоны, спужаўшыся нечага, панёсся ў бок вуліцы Леніна. У брычцы сядзелі Наталля Сямёнаўна Кучкоўская, сястра Караткевіча, і кіеўская сяброўка ягоных студэнцкіх гадоў Муза Яўгенаўна Сняжко. “Матка Боска Чанстахоўска, дапамажы!” – усклікнуў тады Іван Антонавіч. Конь, дарэчы, і спыніўся…

Сёлета выдавецтва “Мастацкая літаратура” плануе пачаць выпуск найбольш поўнага 10-томнага выдання твораў Янкі Брыля. З яго мы, трэба спадзявацца, яшчэ больш даведаемся і пра чалавечыя і пра творчыя сувязі абодвух класікаў. Магчыма, нешта прачытаем і пра тое, чым была ў лёсе творца наша Орша і яе ўраджэнцы. Будучы народны мастак Беларусі Віктар Аляксандравіч Грамыка, чыё імя носіць мастацкая галерэя ў Оршы, працаваў на пачатку 1960-х гадоў з Іванам Антонавічам у рэдакцыі часопіса “Маладосць”. Тут яны пасябравалі. У 1963 годзе Грамыка напісаў ягоны партрэт, на якім прадстаўлены сапраўдны волат беларускай культуры. Крыху дапрацаваны ў 2003 годзе, партрэт экспанаваўсяў ліпені 2004 года на персанальнай выставе народнага мастака ў Аршанскай выставачнай зале. Калі Віктар Аляксандравіч напісаў першую кнігу ўспамінаў “Вясёлка над дарогай”, даў прачытаць рукапіс Янку Брылю і атрымаў ад яго вельмі прыязны водгук.

В. Грамыка. Партрэт пісьменніка Янкі Брыля. 1963, 2003 гг.

А напрыканцы зноў пра асабістае. У маёй дамашняй бібліятэцы ёсць некалькі кніг пісьменніка. Сярод іх адна з самых першых ягоных кніг “Дзеля сапраўднай радасці”, выдадзеная ў Мінску ў далёкім 1952 годзе. А кніга мініяцюр і лірычных запісаў “Витражи” (на рускай мове, 1974 г.), відаць, была першай кнігай, падараванай мне ў жыцці. Дароўны надпіс зроблены суседкай па школьнай парце ў пятым класе.

Хочацца спадзявацца, што некалі адна з вуліц нашай Оршы будзе насіць імя выдатнага сына беларускага народа, цудоўнага пісьменніка і чалавека Янкі Брыля. Ён, безумоўна, заслужыў гэта.

Віктар Лютынскі

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: “Мой друг і мая зямля”

Янка Брыль і Орша

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение