Адна аварыя адбылася каля вёскі Стараселле (каля Копысі) Шклоўскага раёна - тут дарога Орша-Шклоў робіць вялікае паўкола ў бок таго самага Стараселля. Непаўнагадовы жыхар Вёскі Валасовічы вечарам 2 верасня не справіўся з паваротам і на легкавушцы ВАЗ выляцеў з дарогі ды ўдарыўся ў дрэва. Сам кіроўца выйсці з машыны пасля аварыі не змог - давялося выклікаць МНС, а ўжо МНС выклікалі хуткую дапамогу, бо ў 17-гадовага кіроўцы дыягнаставаны адкрыты пералом, ушыбы і чэрапна-мазгавая траўма. Хлопец шпіталізаваны, ён быў цвярозы, але не меў правоў.
Фота з месца аварыі сайта tut.by
Другое здарэнне - пра яго паведамляе Следчы камітэт - адбылося на трасе Е95 на ўчастку Орша-Магілёў, бліжэй да кальцавой дарогі вакол Магілёва. Аварыя адбылася яшчэ 30 чэрвеня днём, але толькі зараз следчыя звярнуліся да магчымых відавочцаў таго што адбылося і таму апублікавалі фотаздымкі і некаторыя акалічнасці здарэння. Па дарозе на сустрач адно аднаму ехалі фура ДАФ і мікрааўтобус Фольксваген. Усё было б добра, але не адны яны былі ў гэты час на трасе. За мікрааўтобусам ехаў аўтамабіль Аўдзі 80. Кіроўца Аўдзі паспрабаваў абагнаць мікрааўтобус у выніку чаго выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з фурай, а ад атрыманых траўмаў загінуў.
Відавочцаў здарэння просяць адгукнуцца па тэлефонах у Магілёве 23-05-00, 29-80-06