Упраўленне Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці праінфармавала пра завяршэнне досыць гучнай крымінальнай справы. Намесніца старшыні Горацкага раённага выканаўчага камітэту пайшла на падлог афіцыйнай дакументацыі. Першы эпізод яе дзейнасці не тычыўся спраў органу ўлады, але кінуў цень на адукацыйную ўстанову. Па сумяшчальніцтве намесніца старшыні райвыканкама працавала настаўніцай ангельскай мовы. Рабіла яна гэта на ўмовах тэрміновых працоўных дамоваў. Але працаваць у яе альбо не было часу, альбо не хапала жадання. І тады чыноўніца вырашыла ўносіць у журнал заняткаў урокі, якія насамрэч не адбыліся. За гэта атрымоўвала заробак. У цэлым дзякуючы такой дзейнасці яна атрымала не меней за 1900 рублёў.
А другі эпізод мае непасрэднае дачыненне да раённага выканаўчага камітэту. Чыноўніца ў сваіх асабістых мэтах выкарыстоўвала аўтамабіль, чым прынесла шкоду ў памеры 280 рублёў. Акрамя гэтага выкарыстоўвала працоўны і вольны час кіроўцы аўтамабіля, прыстаўленага да выканкаму. Гэтым былі парушаныя Канстытуцыя і Працоўны кодэкс РБ.
Намесніца старшыні Горацкага выканкаму абвінавачваецца ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і таксама ва злоўжыванні ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі. Яна змешчана пад варту. Ёй прад'яўлена абвінавачанне, а справа перададзена Следчым камітэтам у пракуратуру. Ужо адтуль справа трапіць у суд. Нядаўна справа, крыху падобная да горацкай, здарылася ў Оршы. Там дырэктарка адной са школаў афармляла на працу людзей, якія на самай справе ў школе не працавалі, і забірала іх зарплату.