Хоцімскія актывісты Партыі БНФ 22 жніўня падалі ў мясцовы райвыканкам заяўку на пікет супраць размяшчэння замежных вайсковых баз на тэрыторыі нашай краіны. Пра гэта паведаміў старшыня Хоцімскай раённай арганізацыі Партыі БНФ Валерый Каранкевіч.
Пікет актывісты плануюць правесці з 12 да 13 гадзін 8 верасня на пляцоўцы перад будынкам раённага Цэнтра культуры па вул. Кірава, 23 у г. п. Хоцімск. Планаваная колькасць удзельнікаў мерапрыемства – 7 чалавек.Заяўка зарэгістраваная ў канцэлярыі Хоцімскага райвыканкама пад № 67.
“І я асабіста, і ўсе хоцімскія актывісты Партыі БНФ вельмі адмоўна ставяцца да ідэі размяшчэння якіх-небудзь замежных вайсковых баз у нашай краіне, - кажа Валерый Каранкевіч. – Я сам з’яўляюся маёрам запасу і магу з упэўненасцю сцвярджаць, што яны нам абсалютна непатрэбны. Наша краіна імкнецца да нейтралітэту, у яе няма ніякіх ворагаў, а на “ўсялякі пажарны выпадак” у нас ёсць уласная армія, якая павінна абараняць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі”.