Учора мы пісалі пра тое наколькі зменьшылася колькасць насельніцтва ў суседніх з Аршанскім раёнах Магілёўскай вобласці. Як паказвыае статыстыка, пры агульным змяньшэнні насельніцтва - асабліва ў вёсках - гарады Магілёўскай вобласці ўсё ж такі працягваюць расці рознымі тэмпамі.
Яшчэ горш сітуацыя выглядае ў раёнах Віцебскай вобласці. Гэта і не дзіўна па Віцебшчыне зафіксаваны самыя вялікія натуральныя страты насельніцтва: -3,5 чалавекі на тысячу, па Магілёўскай - 1,5 на 1000 чалавек, другое па выміранні вобласць па краіне.
Калі гаварыць пра абсалютныя лічбы, то з усіх гарадоў Аршанскага і суседніх раёнаў, найбольш зменьшылася па насельніцтву сама Орша. Калі ў 2006 годзе ў Оршы пражывала 120.566, то ў гэтым годзе зафіксавана 115.938 чалавек. Змяньшэнне амаль у 5.000 чалавек сярод усіх райцэнтраў рэгіёна - найбольшы паказчык. Агулам па раёне гэтая лічба змяньшэння насельніцта яшчэ большая: з 170.262 да 157.526 чалавек - змяньшэнне больш чым на 7%, амаль на 13.000 чалавек. Змяньшэнні, прычым, адбыліся па ўсіх населеных пунктах гарадскога тыпу і сярод вясковага насельніцтва раёна. Барань зменьшылася з 11.991 да 11.221 чалавек. Балбасава з 3.711 да 3.532. Копысь зменьшылася з 874 чалавек да 847. Арэхаўск зменьшыўся з 2.967 да 2.396 чалавек. Аршанскія вёскі вымерлі найбольш: з 30.153 чалавек ва ўсіх вёсках раёна да 23.592 чалавек.
Учора мы адзначалі, што ў раёнах Магілёўскай вобласці раслі хаця б раённыя цэнтры. У Віцебскай вобласці, нават, райцэнтры выміраюць.
Дуброўна зменьшылася з 8.612 да 7.122 чалавек, па вёсках раёна змяньшэнне скалала з 10.202 да 7.256 чалавек, а агулам па раёне з 18.814 да 14.378 (Асінторф перастаў лічыцца мястэчкам і зараз яго жыхары ўваходзяць у лік вясковага насельніцтва).
Лёзна зменьшылася з 6.985 да 6.740 чалавек (акрамя райцэнтру тут няма больш населеных пунктаў гарадскога тыпу), колькасць вяскоўцаў зменьшылася з 12.180 да 8.840 чалавек. А агулам па раёне насельніцтва зменьшылася з 19.165 чалавек да 15.580.
Сянно зменьшылася з 8.418 да 7.238 чалавек, Багушэўск з 3.344 да 2.563. Вёскі ў Сененскім раёне зменьшыліся з 17.402 да 11.791 чалавека. Агулам па раёне змяньшэнне скалала з 29.164 чалавек да 21.592 чалавек.
Талачын з 10.278 чалавек дайшоў да насельніцтва ў 9.744 чалавек, Коханава з 4.430 да 4.192 чалавек. Вёскі Талачынскага раёну зменьшыліся ад 16.190 да 10.925 жыхароў. А агулам па раёне з 30.898 чалавек у 2006 годзе да 24.861 чалавека ў гэтым годзе.