Перад тым, як распавядаць пра скандал, варта напісаць пра вынікі матчаў. Сенсацый яны напярэдадні не прынеслі. "Сянно" выйграла ў гасцях у "Паставаў" 3:1, а "Лепель" упэўнена абыграў "Шуміліна" таксама з лікам 3:1. Гарадоцкі "Прамень" не прыехаў у Глыбокае, і яму была залічана тэхнічная параза 0:3, "Полацкгаз" разграміў віцебскі "Газавік" 4:1.
Якраз з апошнім клубам і звязана скандальная гісторыя. "Газавік" 14-га кастрычніка перамог у гасцях "Паставы" 2:0, але затым супернік звярнуўся ў Судзейскі камітэт Віцебскай абласной федэрацыі футбола з патрабаваннем разабрацца, ці меў права выступаць за "Газавік" у матчы адзін з футбалістам. Гэтым гульцом аказаўся экс-паўабаронца ФК "Орша" Дзмітрый Саколка. Згодна з Рэгламентам абласнога першынства, у ім не маюць права выступаць футбалісты, якія гулялі ў чэмпіянаце краіны ў гэтым годзе. А Саколка сёлета быў заяўлены за "Маладзечна-ДзЮСШ-4" у ІІ лізе і правёў за гэтую каманду некалькі матчаў. У выніку, было вырашана залічыць "Газавіку" тэхнічную паразу, з-за якой віцябляне пазбавіліся шанцаў на залатыя медалі, хаця да гэтага былі ледзь не галоўным фаварытам на чэмпіёнства.
Цяпер табліца набыла такі выгляд. "Газавік" прапусціў наперад нават "Паставы" і апусціўся на 5-е месца. "Сянно" на 3-м радку і яшчэ мае шанцы на чэмпіёнства. Але дзеля таго трэба ў апошнім туры перамагаць самім і чакаць паразы "Лепеля" і "Полацкгаза".