Крымінальная гісторыя адбылася ў Шклове. Як паведамілі ў Следчым камітэце, спачатку мужчына прыйшоў у краму і пагражаў персаналу запальніцай у выглядзе пісталету, спрабуючы абрабаваць краму. Прадавачка не выдала выручку і, больш за тое, паспела націснуць на кнопку трывогі. Зламыснік зразумеў, што зараз у краму прыедзе нарад міліцыі і выбег адтуль. Але імгненна "залягаць на дно" не стаў, неўзабаве ён атакаваў на вуліцы мінака і, пагражаючы яму той жа запальніцай у выглядзе пісталета, вырваў у таго дарожную сумку з рэчамі.
Пасля гэтага разбойнік схаваўся. Аднак міліцыянты ўжо ішлі па яго следзе. Пошукі трывалі нядоўга, мужчыну знайшлі хутка. Высветлілася, што яму 41 год і ён не гастралёр, а пражывае тут жа, у Шклове. Няўдалы рабаўнік змешчаны пад варту, заведзена крымінальная справа. Злачынцу пагражае турэмнае зняволенне за разбой.
Тры з паловай гады таму, у ліпені 2014 года падобная гісторыя адбылася і ў Оршы. Тады ў адну з крамаў на вуліцы Леніна заявіўся стары з прадметам, падобным да пісталета. Але і аршанскаму рабаўніку не ўдалося "ўзяць касу". Як высветлілася пазней, дзядуля-крымінальшчык палову жыцця правёў у турмах, а тое правальнае рабаванне прывяло да чарговага тэрміну ў няволі.