У суперніках быў пастаўскі "Атлант" - ужо традыцыйны і даўні супернік аршанскага валейбольнага калектыва. У суботу аршанцы паказалі бездакорную, прынамсі, па выніку, гульню. Яны не мелі вялікіх праблемаў і ўзялі ўсе тры партыі — 25:17, 25:21, 25:22. А вось другі паядынак каманд стаў кардынальна іншым. У нядзелю аршанцы прайгралі пастаўскім апанентам першыя дзве партыі 22:25, 16:25 і паставілі сябе на мяжы паразы. Сэт № 3 паддаўся "Узлёту" з вялікай цяжкасцю 25:22, а ў чацвёртым аршанцы папросту разграмілі суперніка 25:10, забяспечыўшы сабе мінімум 1 пункт і як мінімум столькі ж адабраўшы ў суперніка. Нагадаем, што перамога 3:0 ці 3:1 прыносіць камандзе 3 пункты, а суперніку 0, перамога 3:2 - 2 пункты пераможцу і 1 пункт прайграўшаму боку.
І ў нядзельным матчы ўжо было ясна, што каманды падзялілі пункты, але каму дастанецца 2, а каму 1 пункт? Гэта вырашыла апошняя, пятая партыя. Пастаўская каманда згуляла значна лепей, чым у папярэдняй партыі, дзе прайграла "-15", і вырвала ў аршанцаў перамогу 15:12.
У выніку Узлёт (Орша) - Атлант (Паставы) - 3:0 2:3. Гэта былі першыя матчы "Узлёта" на роднай пляцоўцы ў новым сезоне. Наступны раз у хатніх матчах аршанцы пабачаць сваіх улюбёнцаў ужо ў студзені 2018 года. У матчах з "Атлантам" аршанцы парадавалі заўзятараў новай сіняй формай з белымі элементамі ў выглядзе нацыянальнага беларускага арнаменту.