Сіноптыкі зрабілі прагноз надвор’я на Аршаншчыне на бліжэйшы тыдзень, у канцы якога мы сустрэнем новы, 2018 год. Многіх хвалявала пытанне, ці сустрэнуць людзі свята са снегам і пры марознай тэмпературы. Але адказ сіноптыкаў катэгарычны: не. У Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролю радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды паведамілі, што ў сераду, 27-га снежня, уначы і раніцай чакаецца слабы туман, на асобных участках дарог галалёдзіца, асабліва трэба падрыхтавацца кіроўцам нашага паўночна-ўсходняга рэгіёну. Вецер будзе паўднёва-заходні і паўднёвы, 5-10 метраў на секунду. Уначы тэмпература ад -4 да +1, удзень ад +1 да +6 градусаў.
Плюсавая тэмпература будзе да самага канца 2017 года, толькі ўначы яна будзе апускацца да -1 і -3. А ў пятніцу, 29-га снежня, у Оршы чакаецца да +8 градусаў. У навагоднюю ж ноч тэмпература апусціцца да -4 градусаў, а вось снегу не абяцаюць. Ападкі чакаюцца 29 і 30 снежня, але толькі ў выглядзе дажджу.