Беларуская музыка атрымала яшчэ адзін каштоўны здабытак. У чарговы раз увасобленыя ў песні вершы Уладзіміра Караткевіча, а таксама Анатоля Сыса. Зрабілі гэта экс-музыкі праекту Fratrez Сяржук Доўгушаў і Аляксандр Ясінскі. Выйшаў іх альбом "Дарогі". Пры гэтым аршанцы маюць унікальную магчымасць прыйсці на прэзентацыю альбома. Два музыкі зрабілі сумесны праект нездарма, акрамя Fratrez іх шляхі супалі і ў гурце Vuraj, ідэйным натхняльнікам якога якраз і быў выхадзец з вёскі Тарчылава Аршанскага раёну Сяржук Доўгушаў.
Сяржук Доўгушаў напісаў гэтыя песні на малой радзіме — Аршаншчыне — у перыяд з 2011 па 2013 год, а ў 2016 годзе песні ўпершыню загучалі ў дуэце з Аляксандрам Ясінскім. Аляксандр віртуозна і па-мастацку аздобіў кампазіцыі партыямі баяна. У альбом таксама ўвайшлі: народная палеская песня "Ой, жураўко", песня на польскім дыялекце "Тры сіроты" і аўтарская песня А. Ясінскага "Цягнікі". Акрамя песень на вершы Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса на канцэрце прагучаць "Літвінская сюіта" і беларускія народныя спевы.
Канцэрты дуэта ўжо адбыліся ў Чэхіі, Польшчы (на фестывалі "Бардаўская восень"), а таксама Сяржук Доўгушаў прэзентаваў частку гэтай праграмы ў Чыкага і Нью-Йорку. Цяпер музыкі зробяць тур па Беларусі, выступяць акрамя Оршы ў Баранавічах, Берасці, Менску, Віцебску і Магілёве. Беларускі тур з альбомам "Дарогі" тым больш важны з ад'ездам Сержука Доўгушава з краіны. Як раней паведамляў Orsha.eu, наш таленавіты зямляк адпраўляецца жыць і спяваць за мяжу, у Польшчу. Гэта, натуральна, не азначае, што ён не будзе прыязджаць у Беларусь, аднак цяпер гэта будзе адбывацца рэдка.
Канцэрт у Оршы адбудзецца 9-га лютага 2018 года ў Гарадскім цэнтры культуры. Пачатак а 19-й гадзіне. Нумар тэлефону касы ГЦК: 8 (0216) 54-74-11.