У канцы 2017 і пачатку 2018 года ў нашым рэгіёне адбываецца нешта анамальнае. Некалькі чалавек за кароткі перыяд загінулі на пажарах. Прычым часта пажары выклікаюцца няправільнай растопкай дамоў, аднак цяпер і маразоў няма, але дамы гараць адзін за адным, а ў іх гінуць людзі. У сярэдзіне лістапада на пажары ў прыватным доме ў Лёзненскім раёне загінуў 53-гадовы мужчына, у сярэдзіне снежня два трупы прынеслі пажары ў Талачынскім раёне, перад і пасля Новага года пад Талачыном здарыліся новыя трагедыі. Перад самым Новым годам у Барані ва ўласным доме загінуў мужчына, а перад праваслаўным Раством у агні загінула жанчына ў вёсцы Шатравіна.
На гэты раз трагедыя напаткала пенсіянера, гаспадара дома ў вёсцы Дубавое Задроўеўскага сельсавету Аршанскага раёну. Ён загінуў на 77-м годзе жыцця. Дом загарэўся ў 6:12 7-га студзеня і быў знішчаны пажарам ушчэнт. Што прывяло да трагедыі — высвятляецца.
Яшчэ адно здарэнне — на шчасце без ахвяраў — здарылася ў Багушэўску. Там гарэла адрына, што належыць грамадзяніну 1980 года нараджэння. Знішчаны дах, пашкоджаны сцены і маёмасць.