У першы дзень лютага трагедыя здарылася ў Талачыне. У 10:20 пажарныя атрымалі выклік на вуліцу Трактарную, 35, дзе загарэлася двухпакаёвая кватэра. У пакоі памерам 2х4 метры былі закураныя сцены і столь, агонь пашкодзіў маёмасць у кватэры. Шэсць жыхароў кватэр на паверх вышэй былі тэрмінова эвакуяваныя з дома. Калі пажарныя ўвайшлі ў кватэру і прыступілі да ліквідацыі пажару, скрозь дым яны ўбачылі гаспадара кватэры, мужчыну 1966 года нараджэння. Ён быў аператыўна дастаўлены ў бальніцу. Аднак атрыманыя траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём, і лекары не паспелі выратаваць мужчыну, ён памёр.
А ўжо сёння ўначы, у 3:25 пажарным прыйшло паведамленне пра ўзгаранне дома па вуліцы Зялёнай у вёсцы Дзевіна Высокаўскага сельсавету Аршанскага раёну. У доме 6х9 метраў пажар знішчыў столь, маёмасць і дах. Засталіся пашкоджаныя сцены. А ў 5:46 на пажарышчы знойдзены труп мужчыны. Пры гэтым асоба загінулага пакуль не высветлена. Прычыны пажараў у Талачыне і Дзевіне ўсталёўваюцца спецыялістамі. Яшчэ можна адзначыць супадзенне назваў вуліц. У адну ноч у Дзевіне і Паставах адбыліся пажары на вуліцах, якія носяць назву Зялёная. Але Паставам пашанцавала больш, там гарэў толькі гараж, а не жылы дом, і ніхто з людзей не пацярпеў.