Ініцыятары акцыі патрабуюць правядзення рэферэндуму. На сайце грамадскіх петыцый www.avaaz.org збіраюць подпісы за правядзенне рэферэндуму аб уступленні Шумяцкая раёна Смаленскай вобласці ў склад Рэспублікі Беларусь. Зварот адрасуецца адміністрацыі Смаленскай вобласці і адміністрацыі Шумяцкая раёну. Тэкст петыцыі такі:
"Да 1939 года вялікая частка Шумяцкага раёну ўваходзіла ў склад Беларусі. Мы лічым незаконным захоп спрадвечна беларускіх земляў".
Таксама петыцыя за вяртанне Смаленска Беларусі з'явілася ў канцы сакавіка на сайце change.org.
"На працягу стагоддзяў Смаленск быў усходнім фарпостам Вялікага Княства Літоўскага. Нават пасля яго сілавога адабрання Масковіяй этнаграфічныя даследаванні 19 стагоддзя адназначна паказвалі на пераважаючае там беларускае насельніцтва. Абвешчаная ў 1918 годзе Беларуская Народная Рэспубліка, якая ўключала ў сябе землі, на якіх беларусы складалі этнічную большасць, прэтэндавала на Смаленск. БССР, абвешчаная бальшавікамі 1 студзеня 1919 года як адказ на абвяшчэнне БНР, была абвешчаная ў Смаленску, ён жа і з'яўляўся яе сталіцай. У наступныя пару гадоў большасць земляў БССР былі адабраны бяздумным валюнтарысцкім рашэннем, пасля многіх гадоў схаванай барацьбы частка з іх была вернута, але частцы так не пашанцавала. Мы лічым, што трэба выправіць гістарычную несправядлівасць і даць насельніцтву Смаленскай вобласці свабодна выказацца за далучэнне да Рэспублікі Беларусь на рэферэндуме".
Пад петыцыяй ужо сабрана каля 1500 подпісаў. У выпадку далучэння Смаленска да Беларусі Орша перастане лічыцца Ўсходняй брамай краіны.