Названы сюжэт выйшаў у эфіры тэлеканала "Белсат" 17 студзеня і распавядаў пра тое, як аршанскія дэмакраты раздаюць дыпломы прэміі "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці" ўдзельнікам вясновых акцыяў пратэсту. Нагадаем, што Орша была адзначана журы прэміі ў намінацыі "Рэгіянальная падзея года" і аршанскія дэмакраты палічылі, што дыплом прэміі павінен быць у кожнага ўдзельніка той акцыі. Дарэчы, атрымаць дыплом можна яшчэ і зараз.
Як адзначаюць віцебчане Віталь Скрыль і Уладзімір Лунёў, яны ў гэты дзень былі ў Оршы і заўважылі, што за імі сочаць невядомыя людзі з машыны. Сама машына суправаджала іх па горадзе, а на выездзе з Оршы аўтамабіль журналістаў быў спынены супрацоўнікамі ДАІ, дакуманты кіроўцы і пасажыра перапісаныя.
Цяпер - праз месяц пасля выхаду сюжэту - віцебчанаў выклікаюць у суд Кастрычніцкага раёну Віцебска за "незаконны выраб прадукцыі СМІ". Судовае паседжанне павінна распачацца ў панядзелак 19 лютага - паведамляе сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.