Муж нярэдка трапляў у поле зроку міліцыянтаў, бо рэгулярна збіваў сваю жонку. Так было і на гэты раз. 30-га верасня ён выйшаў са Следчага ізалятара, дзе тры месяцы сядзеў пад арыштам за новыя пабоі, нанесеныя жонцы, а ўжо 1-га кастрычніка распачаў хатні тэрор па-новай. Раней пад руку трапляліся металічны шуфлік, мухабойка, парасон. А цяпер дайшло да нажа. Верагодна, як мяркуюць у Следчым камітэце, мужчына спачатку не планаваў агрэсіі. Пасля адбыцця арышту ён набыў у краме дзве бутэлькі віна. Адну выпіў на дварэ, а другую прынёс дадому. Там атрымаў папрокі ад дачкі, сына і жонкі за тое, што надта злоўжывае алкаголем. Пакінуў бутэльку каля ложка і выйшаў з дома. А калі вярнуўся, бутэлькі ўжо не было. Глава сям'і замест супакою адправіўся на кухню, дзе ўзяў нож і прыставіў да горла жонкі. Сям'я прызналася, што змесціва другой бутэлькі было выліта ў ракавіну. Муж і бацька патрабаваў вярнуць віно і пагражаў нажом. Дачка ў гэты момант размаўляла па тэлефоне і крыкнула ў слухаўку: "У яго нож".
Нарад міліцыі ўжо ішоў па патрэбным адрасе. Дэспата-мужа дагналі лёгка. Ён схаваў нож у кветках, але той быў знойдзены. У выніку мужчына атрымаў 13 месяцаў турэмнага зняволення, акрамя таго пройдзе прымусовае лячэнне ад алкагалізму.