На партале Pravo.by з'явілася пастанова Савета міністраў №137 са спісам маёмасці, якую дзяржава прымае на свой баланс. Адным з пунктаў там значыцца будынак у Талачыне, які знаходзіцца па вуліцы Трактарная 34А. Ён з уласнасці праваслаўнай царквы перайшоў пад аператыўнае кіраванне мясцовым Дэпартаментам аховы МУС. Будынак быў узведзены прыканцы 2017 года ў межах рэканструкцыі Свята-Пакроўскага жаночага манастыра. Двухпавярховы будынак з гаражом, склепам і вальерам мае плошчу ў 453,4 кв.м. Як паведамлялася ў талачынскай прэсе, будынак каштуе 500 тысяч даляраў, і яго будаўніцтва фінансавалася з коштаў праваслаўнае царквы і ахвяраванняў прыхаджан.
Тут збіраліся зрабіць пякарню і месца для сустрэч гасцей, праваслаўных семінараў. А сам будынак узводзіўся з рысамі праваслаўнага дойлідства. Але тут прыйшла навіна пра тое, што манастыр мяняецца будынкамі з Дэпартаментам аховы. «Наша Ніва» спыталіся пра гэта ў настаяльніцы манастыра.
«Пакуль яшчэ нічога не перадаецца… Ну і што, што ўказ? Вось калі генералы прыедуць прымаць гэта ўсё, тады я змагу гаварыць, — сказала жанчына. — У сувязі з чым перадаем? Мы мяняемся будынкамі. Абмен раўназначны, я лічу», — дадала настаяльніца.
Плошча старога будынку — 219 квадратных метраў, разам з ім перадаецца і некалькі дадатковых службовых памяшканняў, таму агулам выходзіць прыкладна роўная плошча. Як стала вядома, рашэнне аб абмене прымалася на ўзроўні міністра ўнутраных спраў Ігар Шуневіча і мітрапаліта Паўла, мясцовым міліцыянерам толькі давялі загад пераехаць.
Даведка. Свята-Пакроўская царква — гэта помнік архітэктуры позняга, "затухаючага" віленскага барока. Як бачна з архітэктуры, да праваслаўя напачатку ён не меў дачынення. Заснаваны магнатамі Сангушкамі ў 1769 годзе на месцы драўлянага фарнага касцёла, узведзенага Львом Сапегам у 1604 годзе. Комплекс, збудаваны Сангушкамі, уключаў касцёл, жылы корпус і школу. Архітэктар - Я.Габрыэль. У 1796 годзе касцёл быў перабудаваны пад уніяцкую царкву. Але затым на нашай зямлі надоўга запанавалі расейцы, і ўжо ў 1804 годзе ўніяцкая царква, як і сотні іншых уніяцкіх цэркваў па ўсёй Беларусі, была перададзеная праваслаўным. Тады ж яна і была названая Пакроўскай.