Беларускі лыжнік прадае на аўкцыёне эксклюзіўны смартфон і акуляры з сімволікай Алімпійскіх гульняў. Атрыманыя грошы ён плануе накіраваць у Андрэеўскі дзіцячы дом пад Оршай.
Спартсмен збіраецца дапамагчы сіротам з роднага горада.
— Нядаўна людзі дапамаглі мне падрыхтавацца да гульняў у Пхёнчхане, сабраўшы грошы праз краўдфандынг-платформу. Цяпер я падтрымаю тых, хто з-за абставінаў мае патрэбу ў дапамозе. Як і абяцаў перад Алімпіядай у Карэі, ўладкоўваю дабрачынны аўкцыён. Выстаўляю рэчы з першых і апошніх Алімпійскіх гульняў, у якіх я ўдзельнічаў, - напісаў Сяргей на сваёй старонцы ў Facebook.
Першы лот - чорна-бэжавыя акуляры Ray Ban з арнаментам у выглядзе фігурак спартсменаў. Лыжнік прывёз іх з Алімпіяды 1994 года ў Лілехамеры. За мяжой цэны на гэту мадэль даходзяць да 400-500 даляраў. Стартавы кошт, які ўсталяваў Сяргей, 200 рублёў.
Другім эксклюзіўным таварам стаў смартфон Galaxy Note 8 з цяперашняй Алімпіяды. У адкрыты продаж мадэль ніколі не паступала: смартфоны з алімпійскімі кольцамі на корпусе былі выпушчаныя абмежаванай серыяй для ўдзельнікаў гульняў у Пхёнчхане. У свеце такіх тэлефонаў усяго 4 тысячы. Яны былі ўручаны ўсім спартсменам Алімпіяды ў Паўднёвай Карэі, а таксама ўдзельнікам арганізацыйнага і Алімпійскіх камітэтаў. За флагманскую мадэль Samsung Сяргей устанавіў стартавую цану ў 1800 рублёў.
Аўкцыён завершыцца 13 сакавіка ў 17:00. Вынікі будуць падведзеныя 12:00 14 сакавіка.