28 сакавіка 1896 года ў вялікай вясковай сям’і Шабекаў з вёскі Смародзінка Аршанскага павета (цяпер гэта Крупскі раён) нарадзіўся чарговы сын. Яго назвалі ў гонар бацькі і дзеда — Іванам. Вялікая сям’я — Іван Іванавіч і Макрыда Міхайлаўна Шабекі, а таксама тры дачкі і тры сыны — жыла няблага. У бацькі была цагельня: ён вырабляў цэглу, з якой па ўсёй акрузе складвалі печы.
Дзеці падраслі — і спакойныя часы скончыліся. Пачалася Першая сусветная. Прызыўным узростам у Расійскай Імперыі быў 21 год, але ў ваенны час бралі і маладзейшых. Калі пачалася мабілізацыя, то прыйшлі і па Івана Шабеку. У жніўні 1915 года хлопца прызываюць у войска. Яму — 19 гадоў. Шабека паспеў пабываць на фронце, вайну прайшоў шарагоўцам.
Пасля вайны Шабека выбірае кар’еру сілавіка. У 1917—1918 гадах Іван служыць памочнікам начальніка валасной міліцыі ў мястэчку Абчуга Віцебскай губерні. Але ўжо пасля рэвалюцыі ён цалкам падтрымлівае бальшавікоў. Іван становіцца тагачасным «амапаўцам»: са студзеня па красавік 1919 года служыць у Чырвонай Арміі, працуе байцом узвода асобага прызначэння пры губкаме ВКП (б) у Сянне.
У красавіку 1919 Шабека ўступае ў партыю. Ужо ў маі таго ж года трапляе на службу ва Усерасійскую надзвычайную камісію па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам.
Так 24-гадовы сялянскі сын пачаў сваю кар’еру чэкіста.
Прычым, мяркуючы па ўсім, кар’ера была крывавай. Якраз у 1919 годзе чэкісты атрымліваюць права расстрэльваць дыверсантаў і контррэвалюцыянераў. У студзені 1920 года гэтае права прыпыняць, але шэрагі камітэтаў зноў атрымаюць яго ўжо праз 8 дзён. У тым ліку дазволяць расстрэлы і чэкістам, якія працуюць у Туркестане.
Якраз туды і накіруюць Івана Шабеку. Некалькі гадоў ён прапрацуе ў Асобым аддзеле Туркестанскага фронту.
Далей гісторыю Івана Шабекі можна прачытаць на сайце "Нашай Нівы". На другім фота, апублікаваным тут, Іван Шабека, тады ўжо з псеўданімам Журба, падчас службы ў Японіі.