Па інфармацыі ПЦ “Вясна” на другую палову дня 20 верасня, месца знаходжання Васіля Парфянкова застаецца невядомым.
Сёння ў першай палове дня з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, дзе былыя палітвязні Васіль Парфянкоў і Уладзімір Яроменак адбывалі адміністратыўны арышт за парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду, Парфянкова забраў яго ўчастковы міліцыянер. Пра гэта даведалася юрыст “Вясны” Наста Лойка, калі патэлефанавала ў ЦІП.
Аднак даведацца, куды ўчастковы даставіў Васіля Парфянкова, пакуль не ўдалося. Пасля 15-й гадзіны Наста Лойка наведалася ў суд Першамайскага раёна Мінска. Па словах праваабаронцы, у судзе на стэндах няма ніякай інфармацыі аб тым, што сёння там мусіла разглядацца справа аб накіраванні Васіля Парфянкова ў лячэбна-працоўны прафілакторый (ці ЛТП).
Нагадаем, 20 верасня на некаторых інтэрнэт-сайтах з’явілася інфармацыя пра тое, што Васіля Парфянкова накіравалі ў ЛТП.