У Сенненскім раёне загінулых цялятаў выкідалі ў бліжэйшыя кусты — і стыхійны магільнік паўстаў практычна ля брамы фермы. Мясцовыя жыхары, самі ж работнікі ААТ «Белянёва» больш не змаглі цярпець і запрасілі ў госці тэлевізійнікаў з канала СТВ. Праўда, катэгарычна адмовіліся размаўляць пры ўключанай камеры — асцерагаліся кіраўніка гаспадаркі які, верагодна, можа быць датычны да ўказанняў выкідаць трупы цялят у кусты. Затое жыхары паказалі месца, куды выкідаюць жывёл. Мяркуючы па ўсім, цялятаў прыносяць сюды не першы раз. Самыя «свежыя», калі можна так сказаць, — пяць тушаў, якія ляжаць тут не больш за месяц.
Але яшчэ больш страшна — стыхійны магільнік журналісты СТВ выявілі і каля другой фермы. У кучы смецця — высмаглы чэрап, шэсць цялятаў, адзін нават чыпаваны. А ў канаве каля ручая — абгрызеныя косці, падобна, дарослай каровы. Над тушай кружляюць вароны. Пры гэтым дырэктар ААТ «Белянёва» Віктар Казіміраў кажа, што можа быць гэта не іх цяляты:
Можа, цяляты не з нашай гаспадаркі. Таму што ў ваколіцах гэтай фермы знаходзіцца яшчэ фермерская гаспадарка, у якой 28 галоў, а таксама асабістая падсобная гаспадарка — там 36 кароў.
У гаспадарцы «Белянёва» — 5 малочна-таварных ферм і 3000 жывёл. Надоі — адны з самых нізкіх у раёне — каля 6 літраў малака на галаву ў суткі. А падзеж, па дакументах, за 2017 год склаў каля 100 асобін. Усіх іх, запэўнівае дырэктар, звозяць у жывёльныя могільнікі за 15 кіламетраў. Таму на пытанне, чые рогі і капыты схаваны ў кустах, цяпер шукае адказ кіраўніцтва раёна. Мяркуючы па ўсім, аргвысновы рушаць услед грунтоўныя.
Аляксей Дойлін, першы намеснік старшыні Сенненскага райвыканкама:
- Тое, што мы ўбачылі, - надзвычайнае здарэнне для раёну. Вінаватыя будуць пакараныя. Разбярэмся.
Да якой ступені цынізму і непавагі да мясцовых жыхароў трэба апусціцца, каб аддаваць распараджэнні і выкідаць тушы мёртвых цялятаў проста ў кусты, не думаючы пра хваробы, антысанітарыю, пахі і ўсё іншае, застаецца толькі дзівіцца. Такія рэчы, безумоўна, павінны карацца і даходзіць да суда.