Вядомы беларускі "злодзей у законе" Алег Герасімовіч па мянушчы "Муму" высланы з Расеі. Яго далейшае знаходжанне ў гэтай краіне прызнана "непажаданым". У Беларусь "Муму" быў адпраўлены простым авіярэйсам "Масква — Менск" з аэропарта "Дамадзедава".
Раніцай у чацвер Герасімовіч вызваліўся па заканчэнні тэрміну зняволення з калоніі-пасялення № 11 пасёлка Усць-Золіха Чырвонаармейскага раёна Саратаўскай вобласці. Там ён знаходзіўся 6 месяцаў, адбываючы пакаранне па прысудзе Дамадзедаўскага суда Масквыза захаванне наркотыкаў. Увечары, як персона, непажаданая для знаходжання ў Расеі, быў дастаўлены з Саратава ў аэрапорт Дамадзедава, прайшоў пад кантролем мяжу і выляцеў у Менск.
У Оршы Герасімовіч сядзеў на пачатку 2013 года за дробнае хуліганства. Пасля таго пакарання ён адразу адправіўся ў Маскву.
Беларускія органы перадалі інфармацыю пра перамяшчэнні Муму расейскім калегам, якія адшукалі злодзея і дагледзелі яго. Герасімовіч адразу "пракалоўся", пры ім знайшлі 1,17 грама какаіна, за што ён і атрымаў новую судзімасць.